ПСАЛТЫР 34 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Давідаў. 1 Давідаў. Калі ўдаваў сябе за змяшанага ў розуме перад Абімэлехам і пайшоў, выгнаны ім. 2 АЛЕФ. Буду дабраслаўляць Госпада ўвесь час, хвала Яго заўсёды ў маіх вуснах. 3 БЭТ. Госпадам будзе выхваляцца душа мая, хай чуюць [гэта] пакорлівыя і хай радуюцца. 4 ГІМЭЛЬ. Узвялічвайце Госпада са мною і давайце ўзнясём імя Яго ўсе разам. 5 ДАЛЕТ. Пачаў я шукаць Госпада, і Ён выслухаў мяне і вырваў Ён мяне з усіх трывог маіх. 6 ГЭ. Зірніце на Яго — і прасвятлееце, і твары вашыя не засаромеюцца. 7 ДЗАЙН. Вось убогі ўсклікнуў, і Госпад выслухаў яго, і з усіх бед выратаваў яго. 8 ГЭТ. Анёл Госпадаў абароніць усіх тых навокал, што баяцца Яго, і вырве іх. 9 ТЭТ. Пакаштуйце і паглядзіце, які салодкі Госпад; шчасны чалавек, які ўсклаў надзею на Яго. 10 ЁД. Бойцеся Госпада, святыя Яго, бо няма нястачы для тых, што баяцца Яго. 11 КАФ. Багатыя збяднелі і пачалі галадаць, а вось тыя, што шукалі Госпада, не будуць мець нястачы ні ў чым добрым. 12 ЛЯМЭД. Хадзіце, сыны, слухайце мяне: навучу я вас пашане да Бога. 13 МЭМ. Што гэта за чалавек, які хоча жыць, шануе дзень, каб пабачыць добрае? 14 НУН. Утрымлівай язык свой ад ліха і вусны твае хай не гавораць падступна. 15 САМЭК. Адступіся ад ліха і чыні дабро, шукай спакою і імкніся да яго, 16 АЙН. бо вочы Госпада — да справядлівых, і вушы Яго — да просьбаў іх. 17 ФЭ. Але аблічча Госпада супраць тых, што чыняць ліха, каб сцерці з зямлі і памяць аб іх. 18 САДЭ. [Справядлівыя] паклікалі — і Госпад выслухаў, і вызваліў іх ад усіх бед іх. 19 КОФ. Блізкі Госпад да тых, што спакутаваны сэрцам, і пакораных духам Ён уратуе. 20 РЭС. Многа бед у справядлівых, але з усіх іх уратуе іх Госпад. 21 СІН. Сцеражэ Ён усе косці іх, не зломіцца ні адна з іх. 22 ТАЎ. Крывадушнасць знішчыць грэшніка, і тыя, што ўзненавідзелі справядлівага, будуць пакараныя. 23 ФЭ. Госпад адкупіць душы паслугачоў сваіх, і не будуць пакараныя ўсе тыя, што пакладаюць і Ім надзею. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)