Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

РЫМЛЯНАЎ 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Дык прашу вас, браты, праз міласэрнасць Божую, аддавайце целы вашы ў ахвяру жывую, святую, мілую Богу на разумнае служэнне ваша.

2 І не ўпадабняйцеся гэтаму веку, але перамяняйцеся праз аднаўленне розуму вашага, каб пазналі, якая ёсць воля Божая, добрая, прыемная, дасканалая.

3 Дадзенаю мне ласкаю кажу кожнаму з вас, каб не думалі аб сабе вышэй, чым належыць, але каб думалі цвяроза, паводле той меры веры, якую вызначыў Бог.

4 Бо як у адным целе маем многа членаў, а ўсе члены не тую самую работу маюць,

5 так і мы многія ёсць адно цела ў Хрысце, а паасобку адзін для аднаго – члены.

6 А паводле дадзенай нам ласкі маем розныя дары: калі дар прароцтва – то згодна з верай,

7 калі служэнне – то для служэння, калі хто навучае – для навучання,

8 калі хто заахвочвае – для заахвочвання; калі хто раздае – у прастаце сэрца, калі хто старшынствуе – дык рупліва, калі хто мілуе – дык з ахвотаю.

9 Любоў хай будзе без крывадушнасці. Адварочвайцеся ад ліха, прыгартайцеся да дабра;

10 шчыра любіце адзін аднаго братняю любоўю, у пашане адзін аднаго апераджаючы;

11 у рупнасці не слабейце, духам палаючы, Госпаду служачы,

12 у надзеі будзьце радасныя, у горы цярплівыя, у малітве сталыя,

13 бярыце ўдзел у патрэбах святых, будзьце гасцінныя.

14 Дабраслаўляйце пераследавальнікаў сваіх; дабраслаўляйце, а не кляніце!

15 Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача.

16 Будзьце між сабой аднадумцамі, не сягайце думкамі высока, але ідзіце ўслед за пакорлівымі. Не будзьце мудрымі самі з сабой.

17 Не аддавайце злом за зло. Дбайце пра добрае перад усімі людзьмі.

18 Наколькі магчыма ды наколькі ад вас залежыць, жывіце з усімі людзьмі ў згодзе.

19 Не помсціце, умілаваныя, самі за сябе, але дайце месца гневу, як напісана: «Мне помста, Я аддам», – кажа Госпад.

20 Дык, калі будзе галодны вораг твой, накармі яго; калі будзе сасмаглы, дай яму піць. Так вось робячы, вуголле гарачае насыпаеш яму на галаву.

21 Не дайся, каб цябе перамагло зло, але перамагай зло дабром.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы