Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

САФОНА 2 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 Сыдзіцеся, збярыцеся, народ нелюбімы,

2 перш чым будзеце рассыпаны, як пыл, які разыходзіцца, пакуль не прыйшоў на вас гнеў абурэння Госпада, перш чым прыйдзе на вас дзень абурэння Госпада.

3 Шукайце Госпада, усе пакорныя зямлі, якія спаўняюць закон Яго; шукайце справядлівасці, шукайце пакоры, можа, як-небудзь схаваецеся ў дзень абурэння Госпада.

4 Бо Газа будзе пакінута, і Аскалон апусцее, Азот апоўдні будзе выгнаны, і Акарон выкарчаваны будзе.

5 Гора тым, што жывуць на березе мора, народу крыцкаму! Слова Госпада супраць вас, Ханаан, зямля Філістынская: «Я знішчу цябе так, што не застанецца жыхара».

6 І бераг мора стане месцам адпачынку для пастухоў і выганам для быдла.

7 І будзе бераг марскі для астатку з дому Юды: там будуць яны пасвіць, у дамах Аскалона будуць увечары адпачываць, бо наведае іх Госпад, Бог іх, і пераменіць долю іх.

8 «Пачуў Я кпіны Мааба і лаянку сыноў Амона, якія зняважылі народ Мой і ўзвысіліся ў межах сваіх.

9 Дзеля таго, жыву Я, — кажа Госпад Магуццяў, Бог Ізраэля, — Мааб будзе, як Садом, і сыны Амона будуць, як Гамора, месцам церняў і капальняй солі ды пустыняй навечна; астатак народа Майго возьме іх, як здабычу, і рэшта народа Майго атрымае іх у спадчыну».

10 Гэта напаткае іх за іх пыху, за тое, што здзекаваліся і ўзвысіліся па-над народам Госпада Магуццяў.

11 Страшным будзе Госпад для іх, бо Ён знішчыць усіх багоў зямлі; і будуць пакланяцца Яму, кожны на сваім месцы, усе астравы паганаў.

12 «Але і вы, этыёпцы, будзеце пазабіваныя мечам Маім».

13 Ды выцягне Ён руку Сваю на поўнач і знішчыць Асірыю; і Нініву зменіць у пустэчу і ў месца сухое, як тая пустыня.

14 І будуць вылежвацца ў ёй статкі ўсякіх звяроў. І пелікан, і сава будуць начаваць на капітэлях яе; голас іх загікае ў акне, разбурэнне на парозе, бо кедравая шалёўка была знішчана.

15 Гэта гаманлівы горад, які жыве бяспечна, які казаў у сэрцы сваім: «Я — і, акрамя мяне, ніхто больш!» Як стаў ён пустэчаю, лежбішчам дзікіх звяроў? Кожны, хто праз яго праходзіць, засвішча і рукою сваёй махне.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы