Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 19 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЁВА 19

1 У адказ сказаў Ёў:

2 «Што вы ўсе кроіце душу маю і мучыце мяне словамі?

3 Вунь, дзесяцікратна асуджаеце мяне, ды не чырванееце, прыгнятаючы мяне.

4 Відавочна, калі я сапраўды зграшыў, дык грэх мой застанецца са мною.

5 Калі вы ўздымаецеся супраць мяне і папракаеце мяне ганьбамі маімі,

6 дык, прынамсі, цяпер зразумейце, што Бог пакараў мяне неадпаведным судом і сеццю Сваёй аблытаў мяне.

7 Бо калі я крычу: “Гвалт цярплю я!”, мяне не чуюць; калі ўзношу голас, няма Таго, Хто б судзіў.

8 Ён загарадзіў дарогу мне, і не магу я прайсці, і на сцежцы маёй Ён раскінуў цемру.

9 Ён сцягнуў з мяне славу маю і забраў вянец з галавы маёй.

10 Ён зруйнаваў мяне з усіх бакоў, і я гіну, і зваліў Ён, як дрэва, спадзяванне маё.

11 Разгневалася на мяне абурэнне Яго, і так пачаў Ён лічыць мяне ворагам Сваім.

12 І прыбылі разам дружыны Яго, і праклалі сабе дарогу супраць мяне, і акружылі аблогаю палатку маю.

13 Аддаліў Ён братоў маіх ад мяне, і знаёмыя мае, быццам чужыя, адышліся ад мяне.

14 Пакінулі мяне мае сваякі і тыя, што ведалі мяне, забыліся пра мяне.

15 Хатнія ў доме маім і служанкі мае за чужога пачалі лічыць мяне, і быццам прыхадзень стаўся я ў вачах іх.

16 Паклікаў я слугу свайго, а ён не адгукнуўся; я вуснамі ўласнымі ўпрошваў яго.

17 Дыханнем маім брыдзілася жонка мая, і смярдзючы я для дзяцей улоння майго.

18 Пагарджалі мною дзеці малыя, і, калі я ўставаў, яны здзекаваліся з мяне.

19 Пагарджаць пачалі мною колішнія суразмоўцы мае, і той, каго я больш за ўсіх любіў, адвярнуўся ад мяне.

20 Да скуры маёй у змардаваным целе прысохла косць мая, і змарнелі дзёсны мае вакол зубоў маіх.

21 Злітуйцеся нада мною, злітуйцеся нада мною хоць вы, прыяцелі мае; бо рука Госпадава дакранулася да мяне.

22 Чаму вы, як Бог, пераследуеце мяне і чаму не насычаецеся целам маім?

23 Хто прадставіць мне [магчымасць], каб былі запісаны словы мае? Хто дасць мне, каб былі яны зазначаны ў кнізе

24 разцом жалезным і алавяным, каб навечна былі высечаны на камені?

25 Ведаю вось я, што Адкупіцель мой жыве і што ў апошні дзень падымецца Ён над парахном;

26 і пасля таго, як сцягнуць з мяне гэтую скуру, з цела свайго ўбачу я Бога.

27 Яго сам я ўбачыць мушу, і вочы мае павінны аглядаць [Яго], і нішто іншае. Змарнелі ныркі мае ва ўлонні маім.

28 Калі вы кажаце цяпер: “Як жа мы будзем пераследаваць яго і корань слова знойдзем супраць яго?” —

29 дык бойцеся вастрыя ляза, бо мсціўца за несправядлівасці — меч; ды ведайце, што ёсць суд».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)