Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 20 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У адказ сказаў Зафар Нааматыт:

2 «Таму разважанні мае зноў абуджаюць мяне, што разуменне заззяла ўва мне.

3 Павучанне, якім ты мяне папракнуў, я выслухаю, а дух разумення майго адкажа мне.

4 Ці не ведаеш ты гэтага ад пачатку, з часу, калі з’явіўся чалавек на зямлі,

5 што радасць несправядлівых кароткая і весялосць бязбожнікаў — быццам імгненне.

6 Калі пыха яго падымецца да неба, і галава яго дакранецца да хмар,

7 як гной, канчаткова прападзе ён, і якія бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?”

8 Як сон, што адлятае, ён не знойдзецца, праміне ён, як начное марыва.

9 Вока, якое бачыла яго, ужо не ўбачыць, і яго месца больш не будзе глядзець на яго.

10 Сыны яго будуць імкнуцца спадабацца ўбогім, і рукі іх аддадуць яму маёмасць яго.

11 Косці яго, што былі поўныя [сілы] маладосці, разам з ім будуць спаць у парахне.

12 Калі салодкае будзе ў вуснах яго зло, ён схавае яго пад языком сваім,

13 будзе ён шкадаваць яго, ды не кіне яго і будзе трымаць у горле сваім,

14 хлеб яго ва ўлонні яго пераменіцца ў жоўць змяіную знутры.

15 Багацці, якія ён праглынуў, званітуе, і выцягне іх Бог з жывата яго.

16 Піў ён атруту змяіную — і заб’е яго язык гадзюкі.

17 Не ўбачыць ён ручаёў алею, рэк мёду і масла.

18 Верне ён здабытак свой; не праглыне [яго], не будзе цешыцца з багаццяў ад продажу.

19 Бо, выдаткуючы, ён пакрыўдзіў убогіх, абрабаваў дом, а не збудаваў яго.

20 Ніколі не насычаўся жывот яго і ў жаданнях сваіх не мог ён здаволіцца.

21 Нічога не заставалася ад спажывання яго, і таму не застанецца нічога з маёмасці яго.

22 Калі ён наесца, цесна яму будзе, і ўсякая пакута будзе нападаць на яго.

23 Хай напоўніць ён жывот свой: спашле на яго Бог гнеў абурэння Свайго і вылье на яго вайну Сваю.

24 Будзе ўцякаць ён ад жалезнай зброі ды патрапіць пад медны лук.

25 Страла праб’е цела яго, а маланка — печань яго; прыйдуць да яго і апануюць яго жахі,

26 уся цемра, скрытая ў сховішчах яго; паглыне яго агонь, якога не запальваюць; будзе знішчаны ён, калі застанецца ў палатцы сваёй.

27 Нябёсы абвесцяць несправядлівасць яго, і зямля паўстане супраць яго.

28 Будзе знішчаны род дому яго, будзе зрынуты ён у дзень гневу Божага.

29 Такая доля чалавека бязбожнага ад Бога і спадчына, вызначаная яму Госпадам».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы