Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ЁВА 18 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 У адказ сказаў Балдад Сугіт:

2 «Дакуль жа будзеце вы кідаць гэтыя словы? Перш зразумейце, а потым будзем гаварыць.

3 Чаму мы лічым сябе за жывёлу, і чаму мы ў пагардзе перад вамі?

4 Ты, што губіш душу сваю ў гневе сваім, ці ж праз цябе апусцее зямля ды з месца свайго скалы перамесцяцца?

5 Бо святло бязбожніка згасне і не заззяе полымя ад агню яго.

6 Пацямнее святло ў палатцы яго, і свяцільнік, які над ім, згасне.

7 Абмежаваныя будуць крокі моцы яго, і намер яго здрадзіць яму.

8 Ублыталіся ў сетку ногі яго, і ходзіць ён у путах.

9 Пятля трымае нагу яго, і сіло закрываецца над ім.

10 Схаваная на зямлі пастка [для] яго, а сіло [для] яго — на сцежцы.

11 Адусюль палохаюць яго жахі і агортваюць ногі яго.

12 Памяншаецца ад голаду дужасць яго, і загуба падрыхтаваная рэбрам яго.

13 Загуба з’ядае кавалкі скуры яго, а першародны смерці мардуе члены яго.

14 Выдаляецца надзея яго з палаткі яго, і Ты штурхаеш яго да цара жахаў.

15 Ты жывеш у палатцы, якой ужо няма ў яго, у жытле яго рассыпаецца серка.

16 Знізу падсыхаюць карані яго, а зверху вянуць галінкі яго.

17 Памяць аб ім знікне з зямлі, і не будзе ўслаўляцца імя яго на плошчах.

18 Прагоняць яго са святла ў цемру і прагоняць яго са свету.

19 Не будзе ані нашчадка яго, ані пакалення ў народзе яго, і не застанецца нічога ў месцы, дзе ён жыў.

20 У дзень яго аслупянеюць апошнія [нашчадкі], а першых апануе страх.

21 Дык вось што такое прытулкі несправядлівага, і гэткае месца таго, хто не ведае Бога».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы