1 Потым Ёў расчыніў вусны свае, і наракаў на дзень свой, 2 і казаў ён: 3 «Хай згіне дзень, у які я нарадзіўся, і ноч, у якую было сказана: “Пачаўся чалавек”. 4 Хай дзень той пераменіцца ў цемру; хай не пытаецца пра яго Бог з вышыні, ды хай не будзе ён асветлены святлом. 5 Хай зацемняць яго цемра і засень смерці, хай апануе яго змрок і хай агорнецца ён горыччу. 6 Хай тую ноч падхопіць цёмная віхура, хай не дадасца яна сярод дзён года, хай не залічыцца сярод месяцаў. 7 Хай тая ноч адасобіцца і не будзе годная хвалы; 8 хай наракаюць на яе тыя, што наракаюць на дзень, што гатовыя абудзіць левіятана. 9 Хай сцямнеюць зоркі яе світання; хай чакае святла, і не будзе [яго], ды хай не пабачыць яна веек зараніцы, 10 бо яна не зачыніла ўваходу ўлоння, якое насіла мяне, і не ўхіліла злога ад вачэй маіх. 11 Чаму ж я не памёр ва ўлонні? [Чаму] выйшаўшы з чэрава, не згінуў адразу? 12 Навошта быў прыняты каленямі? І навошта быў кормлены грудзьмі? 13 Цяпер вось маўчаў бы я ў супакоі і адпачываў бы ўва сне сваім 14 з царамі і ўладарамі зямлі, якія ствараюць сабе дамы магілы; 15 або з князямі, якія маюць золата і напаўняюць срэбрам дамы свае. 16 Або хай бы я не існаваў, бы патаемны выкідыш ці тыя, што, пачатыя, не ўбачылі святла. 17 Там бязбожнікі больш не бунтуюцца, і там спачываюць змарнелыя сілай. 18 Там былыя вязні ўсе разам без турбот не чуюць крыку наглядчыка. 19 Там [разам] малы і вялікі, і слуга, вольны ад пана свайго. 20 Навошта беднаму даецца святло і жыццё тым, што жывуць у горычы душы? 21 Яны чакаюць смерці, а яна не прыходзіць, і, шукаючы, здабываюць яе больш рупліва, чым скарбы, 22 і радуюцца вельмі, і цешацца з магілы. 23 [Навошта святло] чалавеку, дарога якога ўтоена і якога Бог акружыў цемраю? 24 Уздыханні мае апярэджваюць хлеб мой, і быццам бурлівыя воды стагнанні мае. 25 Бо страх, якога я баяўся, прыйшоў да мяне, і тое, перад чым я трымцеў, настала. 26 Я не хаваўся, не маўчаў, не адпачываў, але прыйшло да мяне няшчасце». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)