ЁВА 4 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 У адказ Эліфаз Тэманіт сказаў: 2 «Калі пачнём мы размаўляць з табою, можа, прыкра табе будзе, але пачатую размову хто зможа стрымаць? 3 Вось, навучаў ты многіх і спрацаваныя рукі ўмацоўваў, 4 словы твае ўмацавалі тых, што хісталіся, і каленям дрыжачым надаў ты сілы. 5 А цяпер прыйшла да цябе бяда, і ты аслабеў, кранула цябе яна, і ты ўстрывожыўся. 6 Страх твой перад Богам — хіба не надзея твая, дасканаласць шляхоў тваіх — хіба не спадзяванне тваё? 7 Прыгадай, прашу цябе, хто бязгрэшны калі загінуў або калі знішчаны былі праўдзівыя? 8 І нават лепш сказаць: я бачыў, што тыя, хто чыняць несправядлівасць і сеюць пакуты — і пажынаюць іх, 9 загінулі ад подыху Бога і звяліся духам гневу Яго. 10 Рыканне льва, і голас ільвіцы, і зубы львянят патрушчыліся. 11 Леў загінуў, бо не меў здабычы, і львяняты пагубляліся. 12 Потым да мяне таемна данеслася слова, і вуха маё прыняло яго ціхі голас. 13 У жаху начных прывідаў, калі звычайна людзей сон агартае, 14 ахапіў мяне страх і трымценне, так што ўсе косці мае агарнуліся жахам. 15 І, калі дух праходзіў у маёй прысутнасці, дыбам сталі валасы на целе маім. 16 І стаў нехта, але я не пазнаў вобліку яго, — здань перад вачамі маімі, — і пачуў я голас, быццам лёгкага ветру: 17 “Ці можа чалавек быць справядлівейшым за Бога, або ці будзе муж чысцейшым за свайго Творцу? 18 Вось, не мае Ён надзеі ў паслугачах Сваіх і ў анёлах Сваіх знаходзіць сапсаванасць. 19 Наколькі ж болей — тыя, што жывуць у гліняных дамах, падмурак якіх стаіць у парахне. Звядуцца яны, быццам моль! 20 Ад раніцы да вечара яны занепадаюць і, паколькі ніхто не заўважае, згінуць навечна. 21 Ці не выдаляецца ад іх і маёмасць іх, што засталася? Яны памруць, ды не з мудрасцю”. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)