1 У адказ Балдад Сугіт сказаў: 2 «Як доўга ты будзеш так гаварыць? А словы вуснаў тваіх — вецер навальнічны! 3 Ці ж Бог скажае прысуд або Усемагутны перакручвае тое, што справядліва? 4 І, калі сыны твае зграшылі супраць Яго і пакінуў Ён іх у руцэ правіннасці іх, 5 ты, калі на світанні ўздымешся да Бога і будзеш маліцца Усемагутнаму, 6 калі падыдзеш [да Яго] чысты і справядлівы, зараз устане Ён да цябе і дасць супакойнае жытло справядлівасці тваёй; 7 настолькі, што, калі пачаткі твае былі малыя, то рэшткі твае памножацца значна. 8 Спытай у даўнейшага пакалення і спасцігні глыбока ўспаміны бацькоў. 9 Мы — учарашнія і нічога не ведаем, бо дні нашыя на зямлі, быццам цень. 10 Хіба ж яны не навучаць цябе, не пагавораць з табою і ад шчырага сэрца не прамовяць слова? 11 Ці ж можа зелянець трыснёг без вільгаці або чарот расці без вады? 12 Нават калі ён у квецені і не вырываецца рукою, то засыхае раней за ўсе травы. 13 Такія дарогі ўсіх, што забываюцца пра Бога, і надзея бязбожнага загіне. 14 Спадзяванне яго — тонкая нітка, а надзея яго — быццам павуцінне. 15 Абапрэцца ён на дом свой, але той не ўстаіць, падапрэ яго, але ён не ўздымецца. 16 Здаецца ён вільготным да таго, як узыдзе сонца, і ў садзе яго праб’ецца парастак яго; 17 на кучы камянёў скопяцца карані яго, і застанецца жыць ён сярод камянёў. 18 Калі выкараняць яго з месца яго, яно адмовіцца ад яго і скажа: “Не ведаю цябе”. 19 Гэта вось радасць дарогі яго, каб ізноў з зямлі вырасталі іншыя. 20 Бог не адкіне шчырага і не падасць рукі ліхадзеям, 21 яшчэ напоўняцца вусны твае смехам і рот твой — радасным ускліканнем. 22 Тыя, што ненавідзяць цябе, агорнуцца сорамам, і не выстаіць палатка бязбожных». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)