ЁВА 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Хіба жыццё чалавека на зямлі — гэта не вайна, хіба дні яго — не як дні найміта? 2 Як нявольнік прагне ценю і як найміт чакае платы сваёй, 3 так і я меў месяцы мучэнняў і лічыў цяжкія ночы свае. 4 Калі я засну, то буду гаварыць: “Калі ж я ўстану?” І зноў буду чакаць вечара і напоўнюся пакутамі аж да змяркання. 5 Цела маё пакрыта гніллём і брудам пылу, скура мая лопаецца і цячэ [гноем]. 6 Дні мае прайшлі хутчэй, чым чаўнок ткацкі, і скончыліся, як кароткая нітка. 7 Памятай, што жыццё маё — подых ветру і маё вока не вернецца, каб пабачыць дабро. 8 І не ўгледзіць мяне позірк чалавека; вочы Твае — на мяне, а мяне ўжо не будзе. 9 Як воблака марнее і знікае, так і той, хто сыдзе ў цемру, не падымецца. 10 Ён не вернецца болей у дом свой, і месца яго болей яго не пазнае. 11 Таму і я не буду шкадаваць вуснаў маіх, буду прамаўляць у трывозе духу майго, буду гаварыць з горыччу душы маёй. 12 Ці ж мора я або пачвара марская, што паставіў Ты пры мне варту? 13 Калі скажу я: “Пацешыць мяне ложак мой, і забярэ пасцель мая”, — 14 Ты пачынаеш палохаць мяне снамі і трывожыш жахлівымі прывідамі. 15 З гэтай прычыны душа мая выбірае самагубства, а косці мае — смерць. 16 Я ў роспачы; жыць болей я ўжо не буду. Злітуйся нада мной, бо дні мае — нішто. 17 Што ёсць чалавек, што Ты ўзвялічваеш яго? Або што Ты схіляеш сэрца Сваё да яго? 18 Ты наведваеш яго на світанні і штохвілінна выпрабоўваеш яго. 19 Дакуль жа не адвернеш Ты вачэй ад мяне? Няўжо не дазволіш мне [нават] праглынуць сліну маю? 20 Зграшыў я, дык што маю зрабіць для Цябе, о Вартаўнік над людзьмі? Чаму ўчыніў Ты мяне непрыязным Табе і сам сабе я зрабіўся нязносны? 21 Чаму ж Ты не адпускаеш граху майго і чаму не здымаеш правіннасці маёй? Вось, цяпер я засну ў парахне; і калі назаўтра будзеш шукаць мяне, то не будзе мяне!» |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)