ЁВА 9 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І сказаў Ёў у адказ: 2 «Сапраўды, ведаю, што так ёсць, ды як апраўдаецца чалавек, перад Богам? 3 Калі хто захоча спрачацца з Ім, Ён не адкажа яму і на адно [пытанне] з тысячы. 4 Ён мудры сэрцам і магутны сілаю; хто супрацівіўся Яму і застаўся цэлым? 5 Ён пераносіць горы, і не ведаюць яны, якія пераварочвае Ён у гневе Сваім. 6 Ён зрушае зямлю з месца свайго, і слупы яе трасуцца. 7 Ён загадвае сонцу, і тое не ўзыходзіць, і замыкае зоркі, быццам пад пячаткай. 8 Ён адзін расцягвае нябёсы і крочыць па хвалях марскіх. 9 Ён стварае Арктур, і Арыён, і Гіяды, і скрытыя [зоркі] поўдня. 10 Ён стварае вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку. 11 Калі Ён прыйдзе да мяне, я не ўбачу Яго; калі адыдзе, не зразумею. 12 Калі Ён раптам схопіць [каго], хто ж Яму перашкодзіць? Або хто можа сказаць: “Што Ты робіш?” 13 Бог не ўстрымлівае гневу Свайго, і пад ім схіляюцца прыхільнікі Рагаба. 14 Дык ці ж я такі вялікі, каб адказваць Яму і гаварыць з Ім падабранымі словамі? 15 Бо, нават калі б я быў справядлівы, я не адказваў бы, а толькі ўпрошваў бы суддзю майго. 16 І калі б Ён пачуў мяне, які прызывае Яго, не паверу, што Ён выслухаў бы голас мой. 17 Бо Ён знішчыць віхурай мяне і павялічыць раны мае нават без прычыны. 18 Ён не дазваляе супакоіцца духу майму і напаўняе мяне горыччу. 19 Калі спытаць пра сілу — Ён магутнейшы; калі пра суд — хто ж асудзіў бы Яго? 20 Калі захачу сябе апраўдаць, то мае ж вусны асудзяць мяне; калі я буду даказваць, што я бязгрэшны, Ён засведчыць, што я заганны. 21 Нават калі я буду шчыры, гэтага не прызнае душа мая і я асуджу жыццё маё. 22 Усё адно, як я сказаў: і бязгрэшнага, і бязбожнага Ён знішчае. 23 Калі раптоўна каго біч [смерці] забівае, з бяды бязгрэшных Ён пасмяецца. 24 Зямля аддадзена ў рукі бязбожнага, твар суддзяў яе Ён закрывае. Калі не Ён гэта, дык хто? 25 Дні мае хутчэйшыя за бегуна: уцяклі і не бачылі дабра, 26 праляцелі, як чаўны трысняговыя, як арол, што ляціць па ежу. 27 Калі скажу я: “Забудуся пра смутак свой, змяню аблічча сваё і стану я вясёлы”, 28 дык дрыжу перад усімі пакутамі маімі, ведаючы, што Ты не апраўдаеш мяне. 29 Калі я такі бязбожны, навошта дарма мардуюся? 30 Калі я буду абмыты, быццам снегавой вадою, і ачышчу лугам рукі мае, 31 то і тады Ты ўвапхнеш мяне ў бруд і будзе брыдзіцца мною адзенне маё. 32 Бо не чалавеку, які падобны да мяне, буду я адказваць; і не чалавек Ён, з якім я буду спрачацца ў судзе. 33 Няма між намі пасрэдніка, які паклаў бы руку сваю на абодвух. 34 Хай Ён забярэ ад мяне бізун Свой, і страх Яго хай не палохае мяне. 35 І буду я тады гаварыць, і не буду баяцца Яго, бо так я сам не ў сабе. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)