1 Дык пачуй, Ёве, прамову маю і выслухай усе словы мае. 2 Вось, я адкрыў вусны свае, і язык мой гаворыць у горле маім. 3 Ад шчырага сэрца мае словы, і чыстую праўду кажуць вусны мае. 4 Дух Божы ўчыніў мяне, і подых Усемагутнага ажывіў мяне. 5 Калі можаш, адкажы мне, падрыхтуйся перада мною і падыміся. 6 Вось жа, я, як і ты, перад Богам, ды з таго ж самага бруду аддзелены і я. 7 Так што страх, які я наганяю, хай цябе не палохае, і цяжар мой хай не будзе цяжкі для цябе. 8 Тое, што ты сказаў, было ў вушах маіх, і голас слоў тваіх пачуў я: 9 “Чысты я, без граху, беззаганны; і няма правіннасці ўва мне. 10 Паколькі ж Ён знайшоў падставы для скаргаў на мяне, то лічыць мяне Сваім ворагам; 11 ногі мае закаваў у кайданы, пільнуе ўсе шляхі мае”. 12 Вось, ты ў гэтым несправядлівы, адкажу табе, бо Бог большы за чалавека. 13 Чаму ты спрачаешся з Ім, што Ён не адказвае табе на ўсе словы? 14 Раз кажа Бог і другі раз таго самага не паўтарае. 15 Праз сон і ў бачанні начным, калі агортвае сон людзей і калі дрэмлюць яны на ложку, 16 тады адкрывае Ён вушы людзям і ўкладвае Сваё настаўленне, 17 каб адвярнуць чалавека ад таго, што ён чыніць, і вызваліць яго ад пыхлівасці, 18 вырываючы душу яго ад магілы і жыццё яго, каб не трапіў ён у яму смерці. 19 Дакарае яго таксама хваробаю на ложку яго, або болем безупынным у касцях яго. 20 І хлеб агідным становіцца яму ў жыцці яго, і раней прыемная страва — душы яго. 21 Цела яго высыхае на вачах, і косці, якіх не было відаць, адкрываюцца. 22 Набліжаецца Ён да знішчэння ў магіле, і жыццё яго — да сядзібы памерлых. 23 Калі будзе ў яго анёл-звястун, адзін з тысячы, каб абвясціць чалавеку справядлівасць, 24 то злітуецца Бог над ім і скажа: “Вызвалі яго, каб не ішоў ён у магілу, бо Я знайшоў тое, у чым яму можа быць літасць”. 25 Расквітнее цела яго лепш, чым у маладосці, і вернецца ён у дні юнацтва свайго. 26 Ён будзе маліць Бога, і Бог будзе спагадны да яго, і ўбачыць твар яго радасным, і верне чалавеку яго справядлівасць. 27 Спявае ён людзям і кажа: “Я зграшыў і парушыў справядлівасць, але я не адплачана мне. 28 Ён вызваліў душу маю, каб не трапіла ў магілу, але, жывучы, бачыла святло”. 29 Вось, усё гэта робіць Бог два і тры разы з чалавекам, 30 каб адвесці душы іх ад магілы і прасвятліць святлом жывых. 31 Зважай, Ёве, і паслухай мяне, і памаўчы, пакуль я гавару. 32 Калі ж маеш, што сказаць, адкажы мне, гавары, бо хачу, каб ты аказаўся справядлівым. 33 Калі ж не маеш, то паслухай мяне; маўчы, і я навучу цябе мудрасці». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)