ЁВА 32 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І тыя тры чалавекі перасталі адказваць Ёву, бо ён выглядаў справядлівым у вачах сваіх. 2 Тады ўзгарэўся гневам Элію, сын Барахэля Бузіта, з роду Рамы. І загневаўся ён на Ёва, бо той казаў перад Богам, што ён справядлівы. 3 І загневаўся таксама на прыяцеляў яго, бо не знайшлі адказу [яму], але толькі вінавацілі Ёва. 4 Дык Элію перачакаў, калі Ёў гаварыў, бо тыя, што гаварылі, былі старэйшымі за яго. 5 Калі, аднак, Элію ўбачыў, што тыя тры не змаглі адказаць, тады дужа разгневаўся. 6 І прамовіў у адказ Элію, сын Барахэля Бузіта: «Я малодшы за вас гадамі, вы ж старэйшыя, дзеля таго я саромеўся і баяўся выказваць вам сваю думку. 7 Я сказаў сам сабе: “Хай шаноўны ўзрост гаворыць, і хай доўгі век вучыць мудрасці”. 8 Але, як бачу, дух ёсць у чалавеку і подых Усемагутнага дае разуменне. 9 Не шматгадовыя — мудрыя, і не старыя разумеюць праўду. 10 Таму я скажу: “Паслухайце мяне, і нават я выкажу вам сваё разуменне. 11 Перачакаў я словы вашы, наставіў вушы на вашу мудрасць, пакуль вы шукалі [слоў], 12 і стараўся, каб мне зразумець вас. Але, як бачу, няма такога, хто б мог аспрэчыць Ёва і хто б з вас мог адказаць на яго словы. 13 Каб часам вы не казалі: “Знайшлі мы мудрасць, Бог пакінуў яго, а не чалавек. 14 Не буду я рыхтаваць словы сабе, і я не паводле слоў вашых буду адказваць яму”. 15 Яны спалохаліся, і не адказвалі болей, і адганялі ад сябе прамовы. 16 І паколькі я пачакаў, а яны не гаварылі, стаялі і болей не адказвалі, 17 то і я адкажу ў сваю чаргу і выкажу сваю думку. 18 “Поўны я слоў, і сціскае мяне дух сэрца майго, 19 і нутро маё, як брага без адтуліны, якая разрывае новыя бутэлькі. 20 Няхай я скажу і крыху выпушчу дух, адкрыю вусны свае і дам адказ. 21 Не буду звяртаць увагі на асобу, і ні перад адным чалавекам ліслівіць не буду. 22 Ды я і не ўмею ліслівіць, бо зараз жа ўзяў бы мяне Творца мой. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)