Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ЁВА 5

Ёў 5

1 Дык крычы, калі ёсьць той, хто адкажа табе? Да каго са сьвятых ты зьвернешся?

2 Бо неразумнага забівае гняўлівасьць, а дурнога губіць зайздрасьць.

3 Я бачыў, як дурны разжываецца, але ў момант спарахнеў дом ягоны.

4 Сыны ягоныя без ратунку, іх топчуць у браме, і няма каму ратаваць іх.

5 Ураджай ягоны зьесьць галодны, і з-за агароджы схопіць, і прагны праглыне багацьце ягонае.

6 Ня з пылу бярэцца няшчасьце, і не з зямлі расьце гора.

7 Але чалавек нараджаецца на пакуты, як зьнічкі — каб падымацца ўгору.

8 Таму я буду прасіць Бога, і да Бога ўзьнясу справу маю.

9 Ён творыць рэчы недасьледныя і вялікія, і цуды незьлічоныя.

10 Ён дае дождж на аблічча зямлі і поіць палеткі вадою.

11 Ён падымае прыніжаных высока, і тых, што смуткуюць, суцяшае збаўленьнем.

12 Ён разьбівае намеры ліхотнікаў, каб не змаглі рукі іхнія выканаць тое, што задумалі.

13 Ён ловіць хітрых у глупоце іхняй, і змову крывадушнікаў робіць марнай.

14 Удзень падаюць у цемру, і быццам уначы, навобмацак ідуць апоўдні.

15 Ён ратуе беднага ад мяча, і бедака — ад рукі нахабніка.

16 І ёсьць надзея для ўбогага, а крыўда зачыняе вусны свае.

17 Шчасьлівы чалавек, якога дакарае Бог; таму навучаньнем Усемагутнага не пагарджай.

18 Ён раніць, і Ён лечыць, Ён ударае і аздараўляе Сам рукамі Сваімі.

19 Ад шасьці бедаў збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране няшчасьце цябе.

20 У голад Ён захавае цябе ад сьмерці, і ў час вайны ад мяча ўратуе.

21 Усьцеражэшся ты ад языка кусьлівага і ня будзеш баяцца спусташэньня, калі яно прыйдзе.

22 У час спусташэньня і голаду будзеш ты сьмяяцца і ня будзеш баяцца зьвяроў палявых.

23 З камянямі палявымі дамова твая, і зьвяры дзікія будуць прыязныя табе.

24 І ты даведаешся, што намёт твой у супакоі, і, наведваючы жытло тваё, ня знойдзеш нястачы.

25 І ты ўбачыш, што насеньне тваё шматлікае і нашчадкі твае — быццам трава на зямлі.

26 І ўвойдзеш у магілу ў гадах сьпелых, як кладзецца сноп пшаніцы ў час свой.

27 Як мы дасьледавалі гэта, так і ёсьць. Паслухай гэта, і сам зразумееш».