Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЁВА 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЁВА 5

1 Дык крычы, калі ёсць той, хто табе адкажа! Да каго са святых звернешся ты?

2 Бо бязглуздага забівае гняўлівасць, а неразумнага губіць зайздрасць.

3 Я бачыў бязглуздага, трывала ўкаранёнага, і пракляў я дом яго ў той жа час.

4 Далёка будуць сыны яго ад збаўлення, і будуць іх штурхаць у браме, і не будзе таго, хто б выбавіў.

5 Ураджай яго з’есць галодны, а самога яго ўзброены схопіць, і прагныя вып’юць багацце яго.

6 Бо не з пылу бярэцца няшчасце, і не з зямлі вырастае пакута,

7 але чалавек спараджае працу, як птушкі ўзнімаюцца ў палёт.

8 З гэтай прычыны я буду прасіць Госпада і ўзнясу прамову сваю да Бога,

9 Які чыніць вялікае, і недаследнае, і дзівоснае без ліку;

10 Які дае дождж на аблічча зямлі і абмывае водамі палеткі;

11 Які пакорлівых ставіць высока, а тужлівых падтрымлівае выратаваннем;

12 Які разбівае намеры ліхадзеяў, каб не змаглі рукі іх выканаць тое, што пачалі;

13 Які ловіць мудрых у хітрасці іх і змову нягоднікаў разбівае.

14 Днём яны забягуць у цемру і, быццам уночы, будуць навобмацак ісці апоўдні.

15 Затое Ён выратуе няшчаснага ад меча вуснаў іх і ад рукі пераследніка — беднага;

16 і будзе спадзяванне няшчаснаму, несправядлівасць жа закрые рот свой.

17 Шчасны чалавек, якога дакарае Бог; дык ушчуваннем Усемагутнага не пагарджай.

18 Бо Ён раніць і лечыць, Ён б’е, і рукі Яго аздараўляюць.

19 Ад шасці бед збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране цябе няшчасце.

20 У голад Ён выбавіць цябе ад смерці, а ў час вайны — ад рукі меча.

21 Усцеражэшся ты ад бізуна языка і не збаішся спусташэння, калі яно прыйдзе.

22 У час спусташэння і голаду будзеш ты смяяцца ды не будзеш баяцца звяроў зямных.

23 Але з камянямі палявымі дамова твая і звяры зямныя будуць да цябе прыязныя.

24 І ты даведаешся, што палатка твая ў супакоі, і, наведваючы жытло сваё, не дапусціш памылкі.

25 І даведаешся таксама, што насенне тваё будзе шматлікае і нашчадкі твае — быццам зелле зямное.

26 І ўвойдзеш у магілу ў гадах саспелых, як ставіцца сноп пшаніцы ў час свой.

27 Вось, як мы даследавалі гэта, так і ёсць; паслухай гэта і сам зразумей для сябе».

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)