СУДЗЬДЗЯЎ 10:16 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Сказаўшы гэта, выкінулі яны са сваіх межаў усіх ідалаў чужых багоў, і служылі Госпаду, Які пашкадаваў Ізраэль у яго горы. Біблія (пераклад А.Бокуна) І выкінулі яны спаміж сябе багоў чужых, якіх мелі, і служылі ГОСПАДУ, і Ён пашкадаваў Ізраіля ў горы ягоным. Біблія (пераклад В. Сёмухі) І адкінулі ад сябе чужых багоў і пачалі служыць Госпаду. І ня вынесла душа Яго цярпеньняў Ізраіля. |
І злітаваўся Госпад над імі, і звярнуўся да іх дзеля запавету Свайго, які заключыў з Абрагамам, Ізаакам і Якубам, і не хацеў ані загубіць іх, ані адкінуць далёка, аж па сённяшні час.
Калі Аса пачуў гэтыя словы і прароцтва, то падбадзёрыўся і выдаліў ідалаў з усёй зямлі Юдэі і Бэньяміна, і з гарадоў, якія здабыў на гары Эфраім, і прысвяціў Госпаду ахвярнік, які знаходзіўся перад прысенкам Госпада.
І выкінуў чужых багоў і ідалаў з святыні Госпада, таксама ахвярнікі, якія пабудаваў на гары дома Госпада і ў Ерузаліме, ды выкінуў усё з горада.
а народ Мой, над якім прызвана было імя Маё, упакорыцца, і будзе Мяне маліць, і шукаць аблічча Майго ды пакутаваць дзеля найгоршых шляхоў сваіх, — тады Я выслухаю яго з неба, і буду ласкавы дзеля яго грахоў ды аздараўлю яго зямлю.
У кожнай іх бядзе не нейкі пасланец, ані анёл, але Сам Ён іх выбавіў. У любові Сваёй і ў ласкавасці Сваёй Сам адкупіў іх, і ўзяў іх, і насіў іх усе дні спрадвечныя.
«Ці ты, Эфраім, не дарагі сын Мой і ці не мілае дзіця? Бо колькі разоў гаварыў Я пра яго, а ён усё прыгадваецца Мне? Таму знемаглося нутро Маё дзеля яго, і, шкадуючы, пашкадую яго», — кажа Госпад.
Як учыню табе, Эфраіме? Як пакінуць цябе, Ізраэлю? Ці ж учыню табе, як Адаме, ці зраблю цябе падобным да Себаіма? Уздрыгаецца на гэта сэрца Маё, і адначасова разгараецца літасць Мая.
Вернуцца зноў тыя, што сядзяць у засені Маёй, будуць сеяць пшаніцу і расцвітуць, як вінаградныя кусты, слава іх — як віно лібанскае.
Які Бог падобны да Цябе, Які прабачае правіннасць і не абвінавачвае ў злачынстве астатак спадчыны Сваёй? Не трывае Ён навекі ў абурэнні Сваім, бо спагадны ў міласэрнасці Сваёй.
І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго і цалаваў яго.
Будзьце ж між сабой спагаднымі, міласэрнымі, даруйце адны адным, як і Бог дараваў вам у Хрысце.
Будзе судзіць Госпад народ Свой, пашкадуе Ён паслугачоў Сваіх; убачыць, што рука іх аслабла і што не стала ні нявольнікаў, ні вольных,
на працягу сарака гадоў. Таму вось разгневаўся Я на гэтае пакаленне і сказаў: яны народ заблуканых сэрцам; не пазналі яны шляхоў Маіх.
Бо мы маем не такога першасвятара, які б не мог нам спачуваць у нашых немачах, але падобным чынам спакушанага ва ўсім, апроч граху.
Ешуа сказаў: «Цяпер выкіньце багоў іншых з грамады вашай ды прыхіліце сэрцы вашыя да Госпада, Бога Ізраэля».
І калі Госпад даваў ім суддзяў, Госпад быў з суддзёю, і вызваляў іх ад рук ворагаў іх праз увесь час суддзі, бо Госпад змякчаўся міласэрнасцю і чуў стогны няшчасных.
А затым прызывалі яны Госпада і казалі: “Зграшылі мы, бо пакінулі Госпада, а служылі Баалу і Астарце; дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”.
А Самуэль сказаў усяму дому Ізраэля, кажучы: «Калі звяртаецеся вы ўсім сэрцам да Госпада, то выдаліце ад сябе багоў чужых і Астарту, і падрыхтуйце сэрцы свае дзеля Госпада, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук філістынцаў».