ПСАЛТЫР 73 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Псальм Асафа. Які ж добры Бог для прастадушных! Ён Госпад тым, хто чысты сэрцам. 2 А мае ногі ледзь не спаткнуліся, ледзь не абарваліся крокі мае, 3 бо пазайздросціў я бязбожным, гледзячы на спакойнае жыццё грэшнікаў. 4 Бо няма для іх ніякіх перашкод, здаровае і сытае чэрава іх. 5 На працы чалавечай няма іх і не церпяць яны бічаванняў разам з людзьмі. 6 Таму пыха ў іх — як каралі, і імкненне да гвалту, як адзенне, пакрыла іх. 7 Выступае, быццам з тлустай глебы, несправядлівасць іх, вырываюцца вонкі задумы сэрца. 8 Здзекуюцца яны і прамаўляюць благое, з высокай пасады несправядліва прамаўляюць. 9 Размясцілі яны на небе вусны свае, а язык іх прайшоў па зямлі. 10 Таму і сядзяць яны на вышыні, і поўныя воды не дойдуць да іх. 11 І сказалі яны: «Адкуль ведае Бог, і ці ёсць веданне ва Узвышняга? 12 Вось, тыя самыя грэшнікі і тыя, што жывуць багата ў свеце, атрымалі яшчэ большае багацце». 13 І сказаў я: «Значыць не дарэмна ачысціў я сэрца сваё і ў беззаганнасці вымыў рукі мае; 14 і цярпеў я бічаванні цэлы дзень, і пакаранне маё — раніцаю». 15 Калі б сказаў я: «Я буду гаварыць, як тыя», то здрадзіў бы роду Тваіх сыноў. 16 І я разважаў, як жа зразумець гэта; напружанне было ў вачах маіх, 17 пакуль не паглыбіўся ў святую справу Божую і не асэнсаваў іхняга канца. 18 Памясціў Ты іх сапраўды на коўзкай дарозе, скінуў іх у бездань. 19 Якімі ж спустошанымі засталіся яны! Нечакана збяднелі яны, загінулі ад жаху. 20 Быццам сну пасля абуджэння, Ты адцураешся іх, узняўшыся. 21 Паколькі раздражнялася сэрца маё і нутро маё кіпела, 22 і я быў неразумны і нічога не ведаў: як жывёла, быў я перад Табою. 23 Але я заўсёды з Табою, Ты трымаеш правую маю руку. 24 Вядзеш мяне сваёю парадаю і ў канцы прымеш мяне ў хвалу. 25 Каго, апроч Цябе, маю я ў небе? І калі я з Табою, зямля мяне не захапляе. 26 Знемаглося цела маё і сэрца маё. Скалой-апорай сэрца майго і доляй маёй вечнай — Бог. 27 Бо вось, тыя, што адступаюць ад Цябе, пагінуць. Выгубіш усіх, што адкінуліся ад Цябе на распусту. 28 Мне ж добра быць блізка да Бога, мець у Госпадзе Богу прытулак сабе. Абвяшчу пра ўсе справы Твае ў брамах Сіёна. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)