ЛУКАША 15 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Прыходзілі да Яго ўсе мытнікі і грэшнікі, каб паслухаць Яго. 2 І наракалі фарысеі і кніжнікі, кажучы: «Ён прымае грэшнікаў і есць з імі». 3 І распавядае ім тады для параўнання, кажучы: 4 «Ці ёсць між вамі чалавек, які мае сто авечак, і, калі б згубіў адну з іх, ці ж ён не пакідае дзевяноста дзевяць у пустыні і ці не ідзе за той, што прапала, пакуль яе не знойдзе? 5 І, калі яе знойдзе, кладзе сабе на плечы і цешыцца. 6 І, прыйшоўшы, склікае сяброў і суседзяў, кажучы ім: “Павіншуйце мяне, бо я адшукаў авечку маю, якая была прапаўшая”. 7 Кажу вам: такая будзе радасць на небе дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца; большая, чым дзеля дзевяноста дзевяці справядлівых, якім не патрэбна навяртанне. 8 Або жанчына, якая мае дзесяць драхмаў, калі згубіць адну драхму, ці не паліць свечкі і ці не мяце ў хаце ды не шукае рупліва, аж пакуль не знойдзе? 9 А калі знойдзе, склікае сябровак і суседак, кажучы: “Павіншуйце мяне, бо я знайшла драхму, якую згубіла”. 10 Так кажу вам: будзе радасць сярод анёлаў Божых дзеля аднаго грэшніка, што навяртаецца». 11 І гаворыць далей: «Адзін чалавек меў двух сыноў. 12 І маладзейшы з іх сказаў бацьку: “Айцец, дай мне частку маёмасці, што мне належыць”. І той раздзяліў між імі маёмасць. 13 І праз некалькі дзён маладзейшы сын, забраўшы ўсё, выправіўся ў далёкую краіну і прамантачыў там сваю маёмасць, жывучы распусна. 14 І, калі растраціў усё, настаў вялікі голад у той краіне, ды і сам ён пачаў галадаць. 15 Дык пайшоў і прымкнуў да аднаго з грамадзян той краіны, і той паслаў яго на сваё поле пасвіць свінняў. 16 І ён рады быў напоўніць жывот свой стручкамі, якія елі свінні, але ніхто яму не даваў. 17 І, разважыўшы гэта, сказаў: “Колькі парабкаў у бацькі майго ўдосталь маюць хлеба, а я тут з голаду паміраю. 18 Устану і пайду да бацькі майго ды скажу яму: “Айцец, зграшыў я перад небам і перад табой, 19 і ўжо не варты называцца тваім сынам; учыні мяне адным з парабкаў сваіх”. 20 І, устаўшы, пайшоў да бацькі свайго. А калі ён быў яшчэ далёка, бацька яго ўбачыў яго і, узрушаны міласэрнасцю, пабегшы, кінуўся на шыю яго і цалаваў яго. 21 Сын жа сказаў яму: “Айцец, я зграшыў перад небам і перад табой; і ўжо не варты называцца сынам тваім”. 22 І сказаў бацька слугам сваім: “Хутка прынясіце найлепшыя шаты і ўздзеньце на яго, і дайце яму пярсцёнак на палец яго і пасталы на ногі, 23 і прывядзіце кормнае цяля, забіце і будзем есці і весяліцца, 24 бо сын мой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”. І пачалі весяліцца. 25 А старэйшы сын яго быў на полі і, калі вяртаўся і падыходзіў да дому, пачуў музыку і скокі, 26 і паклікаў аднаго паслугача ды спытаўся, што гэта здарылася. 27 А той сказаў яму: “Брат твой прыйшоў, дык бацька твой забіў кормнае цяля, бо атрымаў яго здаровага”. 28 Абурыўся ён тады і не хацеў заходзіць. А бацька яго выйшаў і пачаў прасіць яго. 29 А ён, адказваючы, сказаў бацьку: “Я, вось, столькі гадоў служу табе і ніколі не парушыў загаду твайго, а ты мне ніколі не даў казляняці, каб я павесяліўся з сябрамі сваімі. 30 А пасля таго як вярнуўся гэты сын твой, што прамантачыў з распусніцамі маёмасць тваю, дык забіў ты яму кормнае цяля”. 31 А ён сказаў яму: “Сыне, ты заўсёды са мной, і ўсё, што маё – тваё. 32 Трэба ж аднак радавацца і весяліцца, бо брат твой гэты быў мёртвы і ажыў, прападаў і знайшоўся”». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)