АСІІ 14 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Самарыя будзе пакарана, бо бунтавалася супраць Бога свайго: будуць гінуць ад меча, малыя іх пабіты, і цяжарныя будуць пасечаны. 2 Вярніся, Ізраэлю, да Госпада, Бога свайго, бо ты заняпаў праз сваю злачыннасць. 3 Забярыце з сабою словы і навярніцеся да Госпада; кажыце Яму: «Прабач нам усю нашу злачыннасць і прымі ўсё добрае, а мы прынясём ахвяру вуснаў нашых. 4 Асірыя не збавіць нас, не будзем ужо сядаць на каня, ані будзем больш казаць “Наш Божа!” вырабам рук нашых, бо ў Цябе знойдзе літасць сірата». 5 «Вылечу крывадушнасць іх, і ўзлюблю іх ад сэрца, бо гнеў Мой адвярнуўся ад іх. 6 Буду, быццам раса, для Ізраэля, так што расцвіце, як лілея, і, як лібанскі кедр, запусціць карані. 7 Раскіне вецце сваё, і будзе слава яго, як дрэва алівы, пах яго — як пах Лібана. 8 Вернуцца зноў тыя, што сядзяць у засені Маёй, будуць сеяць пшаніцу і расцвітуць, як вінаградныя кусты, слава іх — як віно лібанскае. 9 Эфраіме, нашто яму яшчэ ідалы? Я выслухоўваю яго і наглядаю за ім. Я — як кіпарыс зялёны: ад Мяне нараджаецца плод твой». 10 Хто мудры — хай зразумее гэта, хто разумее — хай ведае гэта! Бо роўныя шляхі Госпада, і справядлівыя пойдуць па іх; крывадушнікі, аднак, будуць падаць на іх. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)