1 ЦАРСТВАЎ 12 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І Самуэль прамовіў да ўсяго Ізраэля: «Вось, выслухаў я прамову вашу адносна ўсяго, што вы мне гаварылі, і паставіў над вамі цара; 2 і цяпер узначальвае вас цар. А я ўжо пастарэў і пасівеў; а сыны мае застаюцца з вамі. Такім чынам, хадзіў я перад вамі ад юнацтва майго аж па гэты дзень. 3 Вось, я стаю перад вамі. Абвінавачвайце мяне перад Госпадам і перад Яго памазаннікам; можа, узяў я ў каго вала або асла, можа, каго пакрыўдзіў або каго прыгнятаў, а можа, з рукі каго ўзяў хабар, каб заплюшчыць вочы свае на яго справу? Калі так, аддам вам». 4 І яны адказалі: «Не прыгнятаў ты нас і не крыўдзіў, і нічога не ўзяў ні з чыёй рукі». 5 І ён казаў ім: «Хай Госпад будзе сведкам супраць вас і памазаннік Яго ў гэты дзень хай будзе сведкам, бо не знайшлі вы ў руцэ маёй нічога». І яны сказалі: «Ён сведка». 6 І сказаў Самуэль народу: «Сведка — Госпад, Які паставіў Майсея і Аарона і вывеў бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай. 7 Такім чынам, цяпер падыдзіце, каб я судзіўся з вамі перад Госпадам адносна міласэрнасці Госпада, якою Ён абдарыў вас і бацькоў вашых: 8 як перабраўся Якуб у Егіпет, і прыціскалі іх егіпцяне, і прызывалі бацькі вашыя Госпада, і Госпад паслаў Майсея і Аарона, і вывеў бацькоў вашых з Егіпта і пасяліў іх у гэтым месцы; 9 яны забыліся пра Госпада, Бога свайго, і аддаў Ён іх у рукі Сісары, кіраўніка войска Асора, і ў рукі філістынцаў, і ў рукі цара Мааба, і яны ваявалі супраць іх. 10 А затым прызывалі яны Госпада і казалі: “Зграшылі мы, бо пакінулі Госпада, а служылі Баалу і Астарце; дык цяпер выратуй нас з рук ворагаў нашых, і мы будзем служыць Табе”. 11 І паслаў Госпад Ерабаала, і Барака, і Яфтаха, і Самуэля, і вызваліў вас з рук ворагаў вашых наўкола; і жылі вы спакойна. 12 Бачачы ж, што Наас, цар сыноў Амона, прыйшоў на вас, сказалі вы мне: “Не трэба, але хай цар валодае намі!” — а ўсё ж такі Госпад, Бог ваш, цараваў сярод вас. 13 Дык вы маеце цяпер цара свайго, якога вы выбралі і дамагліся; вось, Госпад даў вам цара. 14 Калі вы будзеце баяцца Госпада, і будзеце служыць Яму, і будзеце слухаць голас Яго, і не пагардзіце словам Госпада, то будзеце і вы, і цар, які валадарыць над вамі, хадзіць за Госпадам, Богам вашым. 15 А калі не будзеце слухаць голас Госпада, але пагардзіце словам Госпадавым, то рука Госпада будзе супраць вас і супраць цара вашага, каб знішчыць вас. 16 Але і цяпер станьце і пабачце гэтую вялікую рэч, якую мае зрабіць Госпад перад вамі. 17 Ці ж не сёння жніво пшаніцы? Я паклічу Госпада, і Ён дасць грымоты і дождж; і вы даведаецеся і пабачыце, якога дапусціліся вы вялікага зла перад Госпадам, дамагаючыся сабе цара». 18 І прызываў Самуэль Госпада, і даў Госпад грымоты і дождж у той дзень. І вельмі спужаўся ўвесь народ Госпада і Самуэля, 19 і прасіў увесь народ Самуэля: «Маліся за паслугачоў сваіх да Госпада, Бога твайго, каб мы не паўміралі: далучылі бо мы да ўсіх грахоў сваіх яшчэ і тое зло, што прасілі сабе цара». 20 І сказаў Самуэль народу: «Не бойцеся! Вы дапусціліся гэтага ліха, але не пакідайце Госпада і служыце Яму ўсім сэрцам сваім. 21 Не адхіляйцеся за марнасцямі, якія не дапамогуць вам і не выратуюць вас, бо яны марнасць; 22 не пакіне Госпад народ Свой дзеля вялікага імя Свайго, бо ўдастоіў Госпад зрабіць вас Сваім народам. 23 Хай жа не будзе ў мяне гэтага граху перад Госпадам, каб кінуць маліцца за вас і вучыць вас добрай і простай дарозе. 24 Такім чынам, бойцеся Госпада і служыце Яму ў праўдзе і ўсім сэрцам вашым; бо вы бачылі вялікія справы, якія Ён зрабіў вам. 25 А калі будзеце трываць у ліхоце, загінеце і вы, і цар ваш разам». |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)