Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСУСА 24 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)

1 І сабраў Ешуа ў Сіхэме ўсе пакаленні Ізраэля, і паклікаў старэйшын, і князёў, і суддзяў, і кіраўнікоў, і яны сталі ў прысутнасці Бога;

2 і так прамовіў Ешуа да ўсяго народа: «Гэта кажа Госпад, Бог Ізраэля: “За ракою жылі бацькі вашыя спрадвеку: Тэрах, бацька Абрагама і Нахора, і служылі іншым багам.

3 Дык узяў Я бацьку вашага, Абрагама, з межаў Месапатаміі, і правёў яго праз усю зямлю Ханаан, і памножыў нашчадкаў яго. І даў яму Ізаака, і зноў

4 даў Я Ізааку Якуба і Эзава; з іх Эзаву даў Я гару Сэір ва ўласнасць, а Якуб і сыны яго пакачавалі ў Егіпет.

5 І паслаў Я туды Майсея і Аарона, і ўдарыў Егіпет плягамі, якія Я рабіў у ім, і пасля Я вывеў вас.

6 І вывеў Я бацькоў вашых з Егіпта, і прыбылі вы да мора. І гналіся за бацькамі вашымі егіпцяне з калясніцамі і коннікамі аж да Чырвонага мора.

7 А прызвалі яны Госпада, Які паставіў цемру паміж вамі і егіпцянамі, і напусціў на іх мора, і яно пахавала іх. Бачылі вочы вашыя, што Я зрабіў у Егіпце; і жылі вы доўгі час у пустыні.

8 І ўвёў Я вас у зямлю амарэяў, якія жылі за Ярданам; і, калі яны пайшлі вайной на вас, выдаў Я іх у рукі вашыя, і занялі вы зямлю іх і забілі іх.

9 Паўстаў жа Балак, сын Сэфора, цар Мааба, і ваяваў супраць Ізраэля; і ён паслаў і паклікаў Балаама, сына Бэора, каб ён праклінаў вас.

10 І Я не захацеў слухаць яго, але, наадварот, дабраславіў вас і вызваліў вас з рук яго.

11 І пераправіліся вы праз Ярдан, і прыбылі ў Ерыхон; і ваявалі супраць вас жыхары таго горада, амарэі, і феразеі, і хананеі, і хетэі, і гергесеі, і гівеі, і евусеі; і Я выдаў іх у рукі вашы.

12 І паслаў Я перад вамі шэршняў, і яны выгналі іх перад вамі, — двух цароў амарэйскіх, — не мечам і не лукам тваім.

13 І даў Я вам зямлю, над якой вы не працавалі, і гарады, якіх вы не будавалі, і вы жывяце ў іх, і вінаграднікі, і аліўкавыя гаі, якіх вы не саджалі, а ясце з іх”.

14 Дык цяпер бойцеся Госпада і служыце Яму са шчырым сэрцам і найпраўдзіва; выкіньце багоў, якім служылі бацькі вашы ў Месапатаміі і ў Егіпце, і служыце Госпаду!

15 Калі ж вам не падабаецца служыць Госпаду, то выбірайце сабе цяпер, каму служыць хочаце: ці багам, якім служылі бацькі вашы ў Месапатаміі, ці багам амарэяў, у зямлі якіх вы жывяце: а я і дом мой будзем служыць Госпаду».

16 І ў адказ народ сказаў: «Не будзе так, каб мы пакінулі Госпада і служылі чужым багам.

17 Госпад, Бог наш, Сам вывеў нас і бацькоў нашых з зямлі Егіпецкай, з дому няволі; і Ён учыніў на вачах нашых страшныя знакі, і Ён пільнаваў нас на ўсёй дарозе, па якой мы вандравалі, і сярод усіх народаў, праз якія мы праходзілі;

18 і Ён выгнаў усе народы амарэяў, жыхароў зямлі, у якую мы ўвайшлі: дык мы будзем таксама служыць Госпаду, бо Ён — Бог наш!»

19 І сказаў Ешуа народу: «Вы не зможаце служыць Госпаду, бо Ён — Бог святы і Бог змагар, і Ён не даруе вам злачынстваў і грахоў вашых.

20 Калі вы пакінеце Госпада і станеце служыць багам іншым, то Ён прыйдзе да вас, і вынішчыць вас, і скіне вас пасля таго, як раней рабіў дабро вам».

21 І сказаў народ Ешуа: «Гэтага ніколі не будзе, але мы будзем служыць Госпаду».

22 І Ешуа сказаў народу: «Вы самі сведкі супраць сябе, бо вы самі выбралі сабе Госпада, каб служыць Яму». І яны адказалі: «Мы сведкі».

23 Ешуа сказаў: «Цяпер выкіньце багоў іншых з грамады вашай ды прыхіліце сэрцы вашыя да Госпада, Бога Ізраэля».

24 І народ адказаў Ешуа: «Госпаду, Богу нашаму, будзем служыць; слухацца будзем Яго загадаў».

25 І заключыў Ешуа ў гэты дзень запавет з народам і даў яму загады і прыказанні ў Сіхэме.

26 І запісаў Ешуа гэтыя словы ў кнізе закону Божага; і ўзяў вялікі камень, і паставіў яго там пад дубам, які быў у месцы свяцілішча Госпадава,

27 і сказаў усяму народу: «Вось, гэты камень хай будзе супраць вас як сведчанне, бо ён чуў усе словы Госпада, якія Госпад гаварыў сярод нас, каб часам пасля вы не захацелі адмовіцца і вырачыся Госпада, Бога вашага».

28 І адпусціў Ешуа народ — і кожны пайшоў у сваё ўладанне.

29 І па гэтым памёр Ешуа, сын Нуна, паслугач Госпада, маючы сто дзесяць гадоў.

30 І пахавалі яго ў межах яго ўладання ў Тамнатсары, што на гары Эфраім, у паўночнай частцы гары Гаас.

31 І Ізраэль служыў Госпаду ва ўсе дні жыцця Ешуа і старэйшых, якія значна перажылі Ешуа і якія ведалі ўсе справы Госпада, што Ён зрабіў Ізраэлю.

32 Таксама косці Язэпа, якія сыны Ізраэля забралі з Егіпта, пахавалі ў Сіхэме, на частцы поля, купленага Якубам ад сыноў Гамора, бацькі Сіхэма, за сто срэбранікаў, і стала яно ўласнасцю сыноў Язэпа.

33 Памёр таксама Элеязэр, сын Аарона; і пахавалі яго на пагорку Пінхаса, сына яго, які дадзены быў яму на гары Эфраім.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)
Сачыце за намі:



Аб'явы