1 ЦАРСТВАЎ 7 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І прыбылі жыхары Карыят-Ярыма, і забралі наверх каўчэг Госпада, і прынеслі яго на ўзгорак у дом Абінадаба; а Элеязэра, сына яго, пасвяцілі, каб сцярог каўчэг Госпада. 2 І сталася з таго дня, як застаўся каўчэг Госпада ў Карыят-Ярыме, прайшло шмат часу; бо ішоў ужо дваццаты год, і ўвесь дом Ізраэля затужыў па Госпадзе. 3 А Самуэль сказаў усяму дому Ізраэля, кажучы: «Калі звяртаецеся вы ўсім сэрцам да Госпада, то выдаліце ад сябе багоў чужых і Астарту, і падрыхтуйце сэрцы свае дзеля Госпада, і служыце Яму аднаму, і Ён выратуе вас з рук філістынцаў». 4 Дык павыкідалі сыны Ізраэля Баала і Астарту і служылі аднаму толькі Госпаду. 5 І сказаў Самуэль: «Збярыце ўсіх ізраэльцаў у Міцпе, каб я памаліўся за вас Госпаду». 6 І сабраліся ў Міцпе, і чэрпалі ваду, і вылівалі перад Госпадам, і пасцілі ў той дзень, і казалі там: «Зграшылі мы перад Госпадам». І судзіў Самуэль сыноў Ізраэля ў Міцпе. 7 І пачулі філістынцы аб тым, што сыны Ізраэля сабраліся ў Міцпе, і кіраўнікі філістынцаў пайшлі супраць ізраэльцаў. Калі даведаліся аб гэтым сыны Ізраэля, то напалохаліся філістынцаў 8 і прасілі Самуэля: «Не пераставай за нас клікаць Госпада, Бога нашага, каб Ён выратаваў нас з рук філістынцаў». 9 І ўзяў Самуэль адно ягня-сысунка і склаў усяго яго Госпаду ў ахвяру цэласпалення; і клікаў Самуэль Госпада за ізраэльцаў, і выслухаў яго Госпад. 10 Сталася ж, калі Самуэль складаў ахвяру цэласпалення, філістынцы пайшлі ў бой супраць Ізраэля. У той жа дзень загрымеў Госпад грымотамі вялікімі над філістынцамі і напалохаў іх, і былі яны пабітыя ізраэльцамі. 11 І, выйшаўшы з Міцпы, людзі Ізраэля пераследавалі філістынцаў, і забівалі іх аж да месца, якое было пад Бэткарам. 12 І ўзяў Самуэль адзін камень і паставіў яго між Міцпаю і Сэнам, і назваў тое месца Абэн-Эзэр, і сказаў: «Аж дасюль дапамог нам Госпад». 13 Так упакораны былі філістынцы, і больш не хадзілі яны ў межы Ізраэля. І сталася рука Госпада на філістынцах ва ўсе дні Самуэля. 14 І вярнуліся да Ізраэля гарады, забраныя філістынцамі ад Ізраэля: ад Акарона да Гета. Ізраэльцы забралі свае землі з рук філістынцаў. І запанаваў мір між Ізраэлем і амарэямі. 15 І судзіў Самуэль Ізраэль усе дні свайго жыцця. 16 І штогод падарожнічаў ён у Бэтэль, і Галгал, і Міцпу, і судзіў Ізраэль у названых месцах. 17 І вяртаўся ў Раму, бо там быў яго дом, і там ён судзіў Ізраэль. Пабудаваў там таксама ахвярнік Госпаду. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)