ІСАІ 11:9 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Ня будуць рабіць зла і ня будзе зьнішчэньня на ўсёй гары Маёй сьвятой, бо зямля будзе напоўнена веданьнем ГОСПАДА, як воды напаўняюць мора. Біблія (пераклад В. Сёмухі) І ня будуць рабіць ліха і шкоды на ўсёй сьвятой гары Маёй, бо зямля будзе напоўнена спазнаньнем Госпада, як воды напаўняюць мора. Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) На ўсёй Маёй гары святой не будзе крыўды і забойстваў, бо зямля будзе перапоўнена веданнем Госпада, як воды перапаўняюць мора. |
І дабраслаўлёнае імя славы Ягонай на вякі, і няхай напоўніцца славай Ягонай уся зямля! Амэн, амэн!
І спыніцца зайздрасьць Эфраіма, і будуць выгубленыя ненавісьнікі Юды. Эфраім ня будзе зайздросьціць Юдзе, а Юда ня будзе ваяваць супраць Эфраіма.
І немаўля будзе гуляць каля нары гадзюкі, і дзіцятка выцягне руку сваю да гнязда зьмяі.
І Ён будзе судзіць народы і вінаваціць многіх людзей. І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і ня будуць больш вучыцца ваяваць.
І будзе сьвятло месяца як сьвятло сонца, а сьвятло сонца будзе сямікроць [ясьнейшае], чым сьвятло сямі дзён, у дзень, калі ГОСПАД перавяжа раны народу Свайго і загоіць сінякі ад удараў Сваіх.
І будзе бясьпечны час твой, багацьцем збаўленьня [будзе] мудрасьць і веданьне. Страх ГОСПАДАЎ будзе скарбам ягоным.
Ня будзе там ільва, і драпежны зьвер ня ўзыйдзе на яго і ня знойдзецца там, але будуць хадзіць там адкупленыя.
каб ведалі ад усходу сонца аж да захаду, што акрамя Мяне няма нічога. Я — ГОСПАД, і няма іншага.
І Ён сказаў: «Замала таго, каб Ты быў для Мяне слугою, каб аднавіць калены Якуба і каб вярнуць выратаваных Ізраіля, але Я пастаўлю Цябе Сьвятлом для народаў, каб быў Ты збаўленьнем Маім аж да краю зямлі».
Зьявіў ГОСПАД рамяно сьвятасьці Сваёй на вачах усіх народаў, і ўбачаць усе канцы зямлі збаўленьне Бога нашага.
Бо Той, Які ўзяў за жонку цябе — [ гэта] Той, Які зрабіў цябе. ГОСПАД Магуцьцяў — імя Ягонае, і Адкупіцель твой — Сьвяты Ізраіля, Яго называюць Богам усёй зямлі.
Я завяду на гару сьвятасьці Маёй і ўзрадую іх у доме малітвы Маім. Цэласпаленьні іхнія і ахвяры іхнія будуць даспадобы [Мне] на ахвярніку Маім, бо дом Мой будзе названы домам малітвы для ўсіх народаў.
І будуць баяцца імя ГОСПАДА на захадзе, і славы Ягонай — на ўсходзе сонца, бо Ён прыйдзе, як рака бурлівая, якую вецер ГОСПАДА гоніць.
Воўк і ягня будуць пасьвіцца разам, і леў, як вол, будзе есьці салому, а зьмей будзе жывіцца парахном [зямлі]. І ня будуць чыніць зла, і ня будуць чыніць загубы на ўсёй гары Маёй сьвятой, кажа ГОСПАД.
Я [ведаю] ўчынкі іхнія і думкі іхнія, і прыйду, каб сабраць усе народы і мовы; і прыйдуць яны, і ўбачаць славу Маю.
І яны прывядуць усіх братоў вашых з усіх народаў як дар для ГОСПАДА на конях і на вазах, на насілах, і на мулах, і на вярблюдах на сьвятую гару Маю, у Ерусалім, кажа ГОСПАД, як сыны Ізраіля прыносяць дар у чыстых пасудзінах у Дом ГОСПАДА.
Гэта кажа ГОСПАД Магуцьцяў, Бог Ізраіля: “Усьцяж будуць паўтараць слова гэтае ў зямлі Юды і ў гарадах ейных, калі Я перамяню долю іхнюю: "Няхай дабраславіць цябе ГОСПАД, жытло праведнасьці, гара сьвятая".
І ня будзе вучыць больш чалавек бліжняга свайго і кожны брата свайго, кажучы: “Пазнайце ГОСПАДА”, бо ўсе, ад найменшага з іх да найбольшага, будуць ведаць Мяне, кажа ГОСПАД, бо Я прабачу беззаконьні іхнія, і пра грахі іхнія ня буду больш узгадваць.
І Я заключу з імі запавет супакою, і прыбяру зьвяроў ліхіх з зямлі гэтай, і яны будуць жыць у пустыні бясьпечна, і будуць спаць у лясах.
І ён адмерыў тысячу [локцяў], [і быў] струмень, праз які ня мог я перайсьці, бо вада ўзьнялася, [і стала] вада для плаваньня, струмень, праз які нельга перайсьці.
І ён паставіць намёты палацу свайго паміж мораў і гарой прыгажосьці Сьвятой, і прыйдзе да канца свайго, і ня будзе таго, хто дапаможа яму.
А ты, Данііле, замкні словы гэтыя і запячатай кнігу аж да часу канца. Шмат хто будзе кружляць [па ёй], і памножыцца веданьне».
І Я заключу для іх запавет у той дзень са зьвярамі палявымі і птушкамі нябеснымі, і з тымі, што поўзаюць па зямлі. І лук, і меч, і вайну зьнішчу з зямлі, і палажу іх бясьпечна.
І даведаецеся, што Я — ГОСПАД, Бог ваш, Які жыве на Сыёне, на гары Маёй сьвятой. І станецца Ерусалім сьвятым, і чужынцы ўжо ня будуць хадзіць па ім.
І будзе ГОСПАД Валадаром над усёю зямлёй. У той дзень будзе ГОСПАД адзін, і імя Ягонае — адно.
Гэта кажа ГОСПАД. Я вярнуся на Сыён і буду жыць у Ерусаліме, і будзе называцца Ерусалім горадам праўды, а гара ГОСПАДА Магуцьцяў — гарою сьвятой.
Глядзіце, каб ніхто нікому не аддаваў ліхам за ліха, але заўсёды імкніцеся да дабра і адзін для аднаго, і для ўсіх.
І ня ўвойдзе ў яго ніхто апаганены і той, хто чыніць агіду і хлусьню, а толькі запісаныя ў кнізе жыцьця Ягняці.