ІСАІ 52 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Іс 52 1 Абудзіся, абудзіся! Апрані моц тваю, Сыёне! Апрані шаты прыгажосьці тваёй, Ерусаліме, горад сьвяты! Бо ня ўвойдзе больш да цябе неабрэзаны і нячысты. 2 Абтрасіся ад пылу, устань, і сядай, Ерусаліме! Разьвяжы путы на шыі тваёй, паланянка, дачка Сыёну! 3 Бо гэта кажа ГОСПАД: «Задарма вы былі прададзеныя, і будзеце не за срэбра адкупленыя». 4 Бо гэта кажа Госпад ГОСПАД: «Народ Мой перш зыйшоў у Эгіпет, каб жыць там, і Ашур без прычыны прыгнятаў яго. 5 А цяпер што Мне тут [рабіць], кажа ГОСПАД, бо народ Мой забраны дарма? Тыя, што пануюць над імі, хваляцца, кажа ГОСПАД, і ўсьцяж, кожны дзень імя Маё зьневажаюць. 6 Дзеля таго народ Мой даведаецца імя Маё ў гэты дзень, бо Я — Той, Які гаворыць: “Вось Я!”» 7 Якія прыгожыя на гарах ногі тых, што дабравесьцяць і абвяшчаюць мір, дабравесьцяць дабро і абвяшчаюць збаўленьне, кажуць Сыёну: «Валадарыць Бог твой»! 8 Голас вартаўнікоў тваіх, яны ўзьнімаюць голас, разам сьпяваюць, бо на ўласныя вочы бачаць, як ГОСПАД вяртаецца на Сыён. 9 Гаманіце радасна і сьпявайце разам, руіны Ерусаліму, бо пацешыў ГОСПАД народ Свой, адкупіў Ерусалім! 10 Зьявіў ГОСПАД рамяно сьвятасьці Сваёй на вачах усіх народаў, і ўбачаць усе канцы зямлі збаўленьне Бога нашага. 11 Ідзіце, ідзіце! Выходзьце адтуль! Не дакранайцеся нячыстага! Выходзьце з сярэдзіны яго! Ачысьціцеся, вы, якія нясеце начыньні ГОСПАДА! 12 Бо вы выйдзеце, не сьпяшаючыся, і ня будзеце ісьці, быццам уцякаючы, бо пойдзе перад абліччам вашым ГОСПАД, а за вамі будзе аховай Бог Ізраіля. 13 Вось, будзе мець посьпех Слуга Мой, Ён узьнімецца і ўзьвялічыцца, і будзе вельмі вялікі. 14 Як шмат [людзей] аслупянела, [гледзячы] на Яго, бо так нялюдзка быў зьнявечаны выгляд Ягоны і постаць Ягоная [стала непадобная] на сына чалавечага. 15 Так шматлікія народы зьдзівяцца, і валадары закрыюць вусны свае перад Ім, бо ўбачаць тое, пра што ім ніколі не расказвалі, і зразумеюць тое, пра што ня чулі. |