Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 11 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Іс 11

1 І выйдзе Парасьць з пня Есэя, і Парастак вырасьце з кораня ягонага,

2 І супачыне на Ім Дух ГОСПАДА, дух мудрасьці і розуму, дух рады і магутнасьці, дух веданьня і страху перад ГОСПАДАМ.

3 І ўпадабаньне Ягонае — у страху перад ГОСПАДАМ, і Ён будзе судзіць не паводле погляду вачэй Сваіх, і не паводле слыху вушэй Сваіх будзе да­ваць прысуд,

4 але Ён будзе судзіць бедных паводле праведнасьці і пакорным зямлі будзе даваць суд паводле справядлівасьці. І Ён ударыць зямлю кіем вуснаў Сваіх, і подыхам вуснаў Сваіх заб’е бязбожніка.

5 І станецца праведнасьць поясам на сьцёгнах Ягоных, а вернасьць — поясам на паясьніцы Ягонай.

6 І будзе жыць воўк з ягнём, а леапард з казьлянём будуць ляжаць, цяля і леў, і кормнае цяля [будуць] разам, і малы хлопчык паганяць іх будзе.

7 Карова і мядзьведзіца будуць пасьвіцца разам, а іх дзіцяняты будуць ляжаць [побач], і леў будзе есьці салому, як вол.

8 І немаўля будзе гуляць каля нары гадзюкі, і дзіцятка выцягне руку сваю да гнязда зьмяі.

9 Ня будуць рабіць зла і ня будзе зьнішчэньня на ўсёй гары Маёй сьвятой, бо зямля будзе напоўнена веданьнем ГОСПАДА, як воды напаўня­юць мора.

10 І станецца ў той дзень, што корань Есэя будзе стаяць як знак для народаў. Яго будуць шукаць народы, і будзе слаўным месца супачынку Ягонага.

11 І станецца ў той дзень, што ГОСПАД зноў другі раз [выцягне] руку сваю, каб выку­піць рэшту народу Свайго, якая застанецца ў Асірыі і Эгіпце, у Патросе і Кушы, у Эляме і Шынэары, у Хамаце і на астравах марскіх.

12 І Ён падыме знак для народаў, і зьбярэ выгнанцаў Ізраіля, і пазьбірае расьцярушаньне Юды з чатырох канцоў зямлі.

13 І спыніцца зайзд­расьць Эфраіма, і будуць выгубленыя ненавісьнікі Юды. Эфраім ня будзе зайздросьціць Юдзе, а Юда ня будзе ваяваць суп­раць Эфраіма.

14 І яны паляцяць на плечы Філістынцаў да мора, і разам абрабуюць сыноў Усходу; на Эдом і на Мааў накладуць рукі свае, і сыны Амона будуць ім падуладнымі.

15 І ГОСПАД паложыць закляцьце на затоку мора Эгіпецкага, і патрасе рукою Сваёй над ракою ў моцы ветру Свайго, і разьдзеліць яе на сем ручаінаў, і можна будзе перайсьці яе ў сандалах.

16 І будзе шырокая дарога для рэшты народу Ягонага, якія застануцца з [выгнаньня] ў Асірыю, як гэта было ў той дзень для Ізраіля, калі ён выходзіў з зямлі Эгіпецкай.

Сачыце за намі:



Аб'явы