АСІІ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ос 2 1 Кажыце братам вашым: «Народ Мой», і сёстрам вашым: «Памілаваная». 2 Спрачайцеся з маці вашай, спрачайцеся, бо яна — ня жонка Мая, а Я — ня муж ейны. Няхай яна прыбярэ распусту сваю з аблічча, і чужалоства сваё — спасярод грудзей сваіх. 3 Іначай распрану яе дагала і пастаўлю яе, як яна была ў дзень нараджэньня свайго, і зраблю яе як пустыню, і зраблю яе як зямлю сухую, і спрычыню сьмерць ёй ад смагі. 4 І не зьяўлю міласьці сынам ейным, бо яны — сыны распусты. 5 Бо маці іхняя чыніла распусту, чыніла сорам тая, што зачала іх, бо казала: «Пайду за палюбоўнікамі маімі, якія даюць хлеб мой і воду маю, воўну маю і лён мой, алей мой і напой мой». 6 Дзеля гэтага Я загараджу шлях твой цернямі і абгараджу цябе агароджаю, і ня знойдзе яна сьцежак сваіх. 7 І будзе бегаць яна за палюбоўнікамі сваімі, але не дагоніць іх, і будзе шукаць іх, і ня знойдзе. І скажа: «Пайду і вярнуся да першага мужа майго, бо тады лепш мне было, чым цяпер». 8 І яна ня ведае, што гэта Я даваў ёй збожжа і сок, і сьвежы алей, і памножыў ёй срэбра і золата, якое яны ўжывалі для Баала. 9 Дзеля гэтага вярнуся і забяру збожжа Маё ў часе яго, і [вінаградны] сок Мой у часе яго, і забяру воўну Маю і лён Мой, якія былі прыкрыцьцём голасьці яе. 10 І цяпер Я адкрыю сорам ейны на вачах палюбоўнікаў ейных, і ніхто ня выратуе яе з рукі Маёй. 11 І спыню ўсю радасьць яе, і сьвяты яе, і маладзікі яе, і суботы яе, і ўсе ўрачыстасьці яе. 12 І спустошу вінаграднікі яе і фігавыя дрэвы яе, пра якія яна казала: «Гэта плата мая, якую далі мне палюбоўнікі мае». А Я зраблю іх лесам, і пажаруць іх зьвяры палявыя. 13 І Я наведаю яе за дні Баалаў, для якіх яна кадзіла, і аздаблялася завушніцамі сваімі і кляйнотамі сваімі, і хадзіла за палюбоўнікамі сваімі, а пра Мяне забылася, кажа ГОСПАД. 14 Дзеля гэтага Я заваблю яе, і завяду ў пустыню, і буду прамаўляць да сэрца ейнага. 15 І дам ёй там вінаграднікі ейныя і даліну Ахор як браму надзеі. І яна адкажа там, як у дні маладосьці сваёй, як у дзень выхаду яе з зямлі Эгіпецкай. 16 І станецца ў той дзень, кажа ГОСПАД, ты назавеш [Мяне]: «Муж мой», і ня будзеш больш называць Мяне: «Баал мой». 17 І Я прыбяру імёны Баалаў з вуснаў яе, і яна ня будзе ўзгадваць больш імёнаў іхніх. 18 І Я заключу для іх запавет у той дзень са зьвярамі палявымі і птушкамі нябеснымі, і з тымі, што поўзаюць па зямлі. І лук, і меч, і вайну зьнішчу з зямлі, і палажу іх бясьпечна. 19 І Я заручуся з табою на вякі, і заручуся з табою ў праведнасьці, у судзе, у міласэрнасьці і ў літасьці. 20 І заручуся з табою ў вернасьці, і ты пазнаеш ГОСПАДА. 21 І станецца ў той дзень, Я адкажу, кажа ГОСПАД, Я адкажу нябёсам, а яны адкажуць зямлі. 22 І зямля адкажа збожжу, [вінаграднаму] соку і сьвежаму алею, а яны адкажуць Езрээлю. 23 І Я засею яе для Сябе на зямлі, і зьлітуюся над Лё-Рухамой, і скажу Лё-Аммі: «Ты — народ Мой!», а ён скажа: «Бог мой!» |