ІСАІ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Іс 2 1 Слова, якое бачыў Ісая, сын Амоса, пра Юду і Ерусалім. 2 І станецца ў апошнія дні, што гара Дому ГОСПАДА ўзвысіцца па-над усе горы і ўздымецца над узгоркамі, і пасьпяшаюцца да яе ўсе народы. 3 І пойдуць народы шматлікія, і скажуць: «Хадземце, узыйдзем на гару ГОСПАДА і ў Дом Бога Якубавага, і няхай Ён навучыць нас шляхам Сваім, і будзем хадзіць па сьцежках Ягоных, бо з Сыёну выйдзе Закон, і слова ГОСПАДА — з Ерусаліму». 4 І Ён будзе судзіць народы і вінаваціць многіх людзей. І перакуюць яны мячы свае на плугі, а дзіды — на сярпы. Не падыме народ на народ меч, і ня будуць больш вучыцца ваяваць. 5 Доме Якуба! Хадземце і будзем хадзіць у сьвятле ГОСПАДА. 6 Ты адкінуў народ Твой, дом Якуба, бо яны напоўнены [тым, што прынялі] з усходу, і варажбітамі, як Філістынцы; і з сынамі чужынцаў яны ў згодзе. 7 І напоўнілася зямля ягоная срэбрам і золатам, і няма канца скарбам ягоным, і напоўнілася зямля ягоная коньмі, і няма канца калясьніцам ягоным. 8 І напоўнілася зямля ягоная ідаламі, і ён пакланяецца творам рук сваіх, таму, што зрабілі пальцы ягоныя. 9 І пахіліўся чалавек, і прынізіўся кожны, і Ты не даруй ім. 10 Увайдзі ў скалу, схавайся ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ, перад бляскам велічы Ягонай. 11 Пыхлівыя вочы чалавека спакорацца, і ўзьвялічваньне чалавека будзе паніжана. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень. 12 Бо дзень ГОСПАДА Магуцьцяў [прыйдзе] на ўсё ганарыстае і пыхлівае, і на ўсіх пыхліўцаў, каб упакорыліся, 13 і на ўсе кедры Лібану, гонкія і ўзьнёслыя, і на ўсе дубы Башану, 14 і на ўсе горы высокія, і на ўсе ўзгоркі ўзьнесеныя, 15 і на ўсе вежы высачэзныя, і на ўсе муры ўмацаваныя, 16 і на ўсе караблі Таршышу, і на ўсе ўпрыгожваньні пажаданыя. 17 І будзе паніжана пыхлівасьць чалавека, і будзе спакорана ўзьвялічваньне людзей. Толькі ГОСПАД будзе ўзвышаны ў той дзень, 18 і ідалы цалкам зьнікнуць. 19 І ўвойдуць у пячоры ў скале і ў ямы ў парахне ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю. 20 У той дзень выкіне чалавек кратам і кажанам ідалаў сваіх срэбных і ідалаў сваіх залатых, якія зрабіў сабе, каб пакланяцца ім, 21 і ўвойдзе ў пячоры і шчыліны скалаў ад страху перад ГОСПАДАМ і перад бляскам велічы Ягонай, калі Ён паўстане, каб напоўніць страхам зямлю. 22 Пакіньце [спадзявацца] на чалавека, у якога дыханьне ў ноздрах ягоных, бо што ён варты? |