Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ПСАЛТЫР 78 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Пс 78

1 Навучаньне Асафа. Зважай, народзе мой, на закон мой, прыхіліце вушы свае да словаў вуснаў маіх!

2 Адчыню я вусны мае ў прыповесьці, буду апавядаць загадкі старадаўнія.

3 Што чулі мы і даведаліся, і што бацькі нашыя расказалі нам,

4 гэтага не схаваем ад сыноў іхніх, абвяшчаючы пакаленьню наступнаму хвалу ГОСПАДА і магутнасьць Ягоную, і цуды Ягоныя, што Ён учыніў.

5 І Ён узьняў сьведчаньне ў Якубе, і паклаў Закон у Ізраілі, пра гэта загадаў бацькам нашым, каб яны паведамілі [гэта] сынам сваім,

6 каб ведала пакаленьне наступнае, сыны, якія народзяцца, і каб яны ў свой час абвясьцілі [гэта] сынам сваім.

7 І ўскладуць на Бога надзею сваю, і не забудуцца пра дзеяньні Божыя, і прыказаньні Ягоныя будуць захоўваць,

8 і ня будуць падобныя да бацькоў сваіх, пакаленьня бунтаўнікоў і непакорных, пакаленьня, якое нетрывалае ў сэрцы сваім і дух іхні няверны Богу.

9 Сыны Эфраіма, узброеныя лукамі, павярнулі назад у дзень бітвы.

10 Яны не захавалі запавету Божага і адмовіліся хадзіць паводле Закону Ягонага.

11 І забыліся пра дзеі Ягоныя і цуды, якія Ён даў ім бачыць.

12 Перад бацькамі іхнімі ўчыніў Ён цуды ў зямлі Эгіпецкай, на полі Цаан.

13 Ён расьсек мора і перавёў іх [праз яго], і паставіў воды, як капу.

14 І вёў іх удзень воблакам, і ўсю ноч — сьвятлом вогненным.

15 Ён рашчапіў скалы ў пустыні і напаіў іх, быццам з вялікай бездані,

16 і вывеў струмяні са скалаў, і пацяклі рэкамі воды.

17 Але яны і надалей грашылі супраць Яго, бунтаваліся супраць Найвышэйшага ў сухой [зямлі].

18 Яны выпрабоўвалі Бога ў сэрцах сваіх, жадаючы спажывы для душаў сваіх.

19 І гаварылі супраць Бога, кажучы: «Хіба Бог можа прыгатаваць стол у пустыні?»

20 Вось, Ён ударыў скалу, і лінулі воды, і ручаі пацяклі. «Але ці можа Ён даць таксама хлеба і паставіць мяса для народу Свайго?»

21 І пачуў ГОСПАД, і абурыўся, і ўзгарэўся агонь на Якуба, і ўзьняўся гнеў на Ізраіля,

22 бо яны ня верылі Богу і не спадзяваліся на збаўленьне Ягонае.

23 І Ён загадаў хмарам высока, і адчыніў дзьверы неба,

24 і спаслаў дажджом ім манну, і даў ім збожжа нябеснага.

25 Хлеб дужых еў чалавек; Ён спаслаў ім ежы ўдосталь.

26 Ён рушыў вецер усходні ў небе і сілай Сваёю навёў вецер паўднёвы;

27 і спаслаў дажджом на іх мяса, быццам пыл, і птушак крылатых — як пясок каля мора.

28 І скінуў іх пасярод табару іхняга, навакол сялібаў іхніх.

29 І елі яны, і насыціліся добра, і тое, што яны жадалі, Ён даў ім.

30 Яшчэ не пазбавіліся яны жаданьня свайго, яшчэ спажыва іхняя была ў вуснах іхніх,

31 як гнеў Божы ўзьняўся на іх, і забіў тлустых іхніх, і юнакоў Ізраіля паваліў.

32 Пры ўсім гэтым яны далей грашылі і ня верылі ў цуды Ягоныя.

33 І сканчваліся ў марнасьці дні іхнія, і гады іхнія — у страху.

34 Калі Ён забіваў іх, яны шукалі Яго, і вярталіся, і імкнуліся да Бога,

35 і ўзгадвалі, што Бог — скала іхняя, і Бог Найвышэйшы — Абаронца іхні.

36 І яны лісьлівілі Яму вуснамі Сваімі, і языком сваім хлусілі перад Ім,

37 і сэрца іхняе не было трывалым у Ім, і не былі яны верныя запавету Ягонаму.

38 А Ён, спагадлівы [да іх], дараваў ім беззаконьне іхняе і ня зьнішчыў іх, і неаднакроць спыняў гнеў Свой, і не абуджаў усю ярасьць Сваю,

39 бо памятаў, што яны — цела, вецер, які адыходзіць і ня вернецца.

40 Як часта яны бунтаваліся супраць Яго ў пустыні, засмучалі Яго ў [зямлі] бязьлюднай!

41 І зьвярталіся, і выпрабоўвалі Бога, і абражалі Сьвятога Ізраіля.

42 Ня памяталі яны рукі Ягонай, дня, калі Ён іх вызваліў ад прыгнёту,

43 калі знакі Свае рабіў у Эгіпце, і цуды Свае на полі Цаан.

44 І Ён перамяніў рэкі іхнія і ручаіны іхнія ў кроў, што не маглі піць,

45 спаслаў на іх мухаў, што іх кусалі, і жабаў, што іх губілі.

46 І аддаў вусеням ураджаі іхнія, а працу іхнюю — саранчы.

47 Пабіў градам вінаградныя лозы іхнія, фігавыя дрэвы іхнія — шэраньню.

48 І аддаў граду скаціну іхнюю, а статкі іхнія — маланкам.

49 І спаслаў на іх жар гневу Свайго, абурэньне, і ярасьць, і трывогі, навалу злых анёлаў.

50 Выпрастаў сьцежку гневу Свайму, не захоўваў ад сьмерці душы іхнія, і жыцьцё іхняе пошасьці аддаў.

51 І забіў усіх першародных у Эгіпце, пачаткі сілы ў намётах Хама.

52 І вывеў, як авечак, народ Свой, і вёў іх, як статак, праз пустыню.

53 І вёў іх у бясьпецы, і яны не палохаліся, а ворагаў іхніх мора накрыла.

54 І прыйшлі яны да межаў сьвятасьці Ягонай, да гары, што набыла правіца Ягоная;

55 і Ён выгнаў перад абліччам іхнім народы, і кінуў шнур, [каб падзяліць] спадчыну іхнюю, і пасяліў у намётах іхніх калены Ізраіля.

56 Але яны выпрабоўвалі Бога Найвышэйшага і бунтаваліся супраць Яго, і сьведчаньняў Ягоных не захоўвалі,

57 і яны адступаліся і здраджвалі, як і бацькі іхнія, выварочваліся, быццам той лук здрадлівы.

58 І яны злавалі Яго ўзгоркамі сваімі, і балванамі сваімі раздражнялі Яго.

59 Пачуў [гэта] Бог і абурыўся, і вельмі пагрэбаваў Ізраілем.

60 І Ён пакінуў сялібу ў Шыло, намёт, у якім жыў сярод людзей;

61 і аддаў у палон моц Сваю, і славу Сваю — у рукі прыгнятальніка.

62 І аддаў пад меч народ Свой, і на спадчыну Сваю абурыўся.

63 Юнакоў ягоных агонь зьядаў, і дзяўчаты ягоныя не былі ўшанаваныя.

64 Сьвятары ягоныя падалі ад мяча, і ўдовы ягоныя ня плакалі.

65 І быццам зо сну прачнуўся Госпад, як той волат, якога віно разьвесяліла,

66 і Ён выбіў прыгнятальнікаў дашчэнту, на вечную ганьбу аддаў іх.

67 І Ён адкінуў намёт Язэпа, і ня выбраў калена Эфраіма,

68 а выбраў калена Юды, гару Сыён, якую палюбіў.

69 І пабудаваў Ён як [пад неба] высокую сьвятыню Сваю; і як зямлю заснаваў яе на вякі.

70 І выбраў Давіда, слугу Свайго, і ўзяў яго ад абораў авечых.

71 Ад котных авечак забраў яго, каб пасьвіў Якуба, народ Ягоны, і Ізраіля, спадчыну Ягоную.

72 І ён пасьвіў іх у беззаганнасьці сэрца свайго, і ў разважлівасьці рук сваіх вадзіў іх.

Сачыце за намі:



Аб'явы