Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ІСАІ 33 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Іс 33

1 Гора табе, спусташальнік, хоць ты ня быў спустошаны; і табе, рабаўнік, хоць ты ня быў абрабаваны. Калі скончыш пустошыць, цябе спустошаць, калі скончыш рабаваць, цябе абрабуюць.

2 ГОСПАДЗЕ, зьлітуйся над намі, мы на Цябе спадзяемся. Будзь рамяном нашым шторанку і збаўленьнем нашым у час уціску.

3 На голас пагрозы [Тваёй] уцякаюць плямёны, ад вывышэньня Твайго рассыпаюцца народы.

4 Будуць зьбіраць здабычу, як зьбіраюць вусеняў, кінуцца на яе, як кідаецца саранча.

5 Узвышаны ГОСПАД, бо жыве на вышынях, Ён напоў­ніць Сыён судом і праведнасьцю.

6 І будзе бясьпечны час твой, багацьцем збаўленьня [будзе] мудрасьць і веданьне. Страх ГОСПАДАЎ будзе скарбам ягоным.

7 Вось, ваяры крычаць на вуліцы, паслы міру плачуць горка.

8 Апусьцелі гасьцінцы, няма падарожных на шляхах, [вораг] зламаў запавет, зьняважыў гарады, не зважае на чалавека.

9 Сумуе, марнее зямля, Лібан асаромлены і зьвяў, Шарон стаўся як стэп, Башан і Кармэль павысыхалі.

10 «Цяпер Я паўстану, кажа ГОСПАД, цяпер узьнімуся, цяпер буду ўзьнесены высока.

11 Вы зачнеце сена, народзіце салому; подых ваш як агонь паглыне вас.

12 І стануцца народы як паленая вапна, і як сьцятая цярніна будуць спалены ў агні.

13 Паслухайце тыя, што далёка, што Я зрабіў, і пазнайце тыя, што блізка, моц Маю!»

14 Спалохаліся грэшнікі на Сыёне, ахапіў жах крывадушнікаў: «Хто з нас вытрывае пры агні, які [ўсё] зьядае? Хто з нас вытрывае ў полымі вечным?»

15 Хто ходзіць у праведнасьці і гаворыць праўдзіва, хто брыдзіцца прыбыткам з рабаваньня, хто стрымлівае далоні свае, каб прымаць хабар, хто затыкае вушы свае, каб ня чуць пра [праліцьцё] крыві, і заплюшчвае вочы, каб не глядзець на зло,

16 той будзе жыць на вышынях, і ўмацаваньні на скалах [будуць] сховішчам ягоным, будзе дадзены яму хлеб ягоны і вада ягоная [будзе] ў яго напэўна.

17 Валадара ў прыгажосьці Ягонай убачаць вочы твае, ты будзеш глядзець на зямлю далёкую.

18 Сэрца тваё будзе ўзгадваць пра страх: «Дзе той, які лічыў? Дзе той, які важыў? Дзе той, які аглядаў вежы?»

19 Ты больш ня ўбачыш народу нахабнага, народу з не­вы­разнай гаворкай, якую [цяж­ка] слухаць, з мовай насьмешлі­вай, якую [цяжка] зразумець.

20 Паглядзі на Сыён, горад урачыстасьцяў нашых! Вочы твае будуць бачыць Ерусалім, сялібу бясьпечную, намёт, які не пахісьнецца, калкі якога ня зрушацца і вяроўкі якога не парвуцца.

21 Бо там у нас — велічны ГОСПАД замест рэкаў і каналаў шырокіх. Не плыве на іх човен на вёслах, і вялізны карабель не праплыве.

22 Бо ГОСПАД — Судзьдзя наш, ГОСПАД — Заканадаўца наш, ГОСПАД — Валадар наш; Ён збавіць нас.

23 Расьцягнуліся вяроўкі твае, ня могуць трымаць мачту, не напінаюць ветразя. Тады падзеляць здабычу вялікую, кульгавыя будуць рабаваць нарабаванае.

24 І [ніводзін] жыхар ня скажа: «Я хворы». Народу, які жыве там, будуць адпушчаны беззаконьні.

Сачыце за намі:



Аб'явы