ЁВА 5 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 5 1 Дык крычы, калі ёсьць той, хто адкажа табе? Да каго са сьвятых ты зьвернешся? 2 Бо неразумнага забівае гняўлівасьць, а дурнога губіць зайздрасьць. 3 Я бачыў, як дурны разжываецца, але ў момант спарахнеў дом ягоны. 4 Сыны ягоныя без ратунку, іх топчуць у браме, і няма каму ратаваць іх. 5 Ураджай ягоны зьесьць галодны, і з-за агароджы схопіць, і прагны праглыне багацьце ягонае. 6 Ня з пылу бярэцца няшчасьце, і не з зямлі расьце гора. 7 Але чалавек нараджаецца на пакуты, як зьнічкі — каб падымацца ўгору. 8 Таму я буду прасіць Бога, і да Бога ўзьнясу справу маю. 9 Ён творыць рэчы недасьледныя і вялікія, і цуды незьлічоныя. 10 Ён дае дождж на аблічча зямлі і поіць палеткі вадою. 11 Ён падымае прыніжаных высока, і тых, што смуткуюць, суцяшае збаўленьнем. 12 Ён разьбівае намеры ліхотнікаў, каб не змаглі рукі іхнія выканаць тое, што задумалі. 13 Ён ловіць хітрых у глупоце іхняй, і змову крывадушнікаў робіць марнай. 14 Удзень падаюць у цемру, і быццам уначы, навобмацак ідуць апоўдні. 15 Ён ратуе беднага ад мяча, і бедака — ад рукі нахабніка. 16 І ёсьць надзея для ўбогага, а крыўда зачыняе вусны свае. 17 Шчасьлівы чалавек, якога дакарае Бог; таму навучаньнем Усемагутнага не пагарджай. 18 Ён раніць, і Ён лечыць, Ён ударае і аздараўляе Сам рукамі Сваімі. 19 Ад шасьці бедаў збавіць цябе, і ў сёмы раз не кране няшчасьце цябе. 20 У голад Ён захавае цябе ад сьмерці, і ў час вайны ад мяча ўратуе. 21 Усьцеражэшся ты ад языка кусьлівага і ня будзеш баяцца спусташэньня, калі яно прыйдзе. 22 У час спусташэньня і голаду будзеш ты сьмяяцца і ня будзеш баяцца зьвяроў палявых. 23 З камянямі палявымі дамова твая, і зьвяры дзікія будуць прыязныя табе. 24 І ты даведаешся, што намёт твой у супакоі, і, наведваючы жытло тваё, ня знойдзеш нястачы. 25 І ты ўбачыш, што насеньне тваё шматлікае і нашчадкі твае — быццам трава на зямлі. 26 І ўвойдзеш у магілу ў гадах сьпелых, як кладзецца сноп пшаніцы ў час свой. 27 Як мы дасьледавалі гэта, так і ёсьць. Паслухай гэта, і сам зразумееш». |