ІСАІ 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 І праб’ецца парастак з пня Ясэя, і квецень з яго кораня з’явіцца. 2 І супачыне на Ім Дух Госпадаў: дух мудрасці і розуму, дух рады і мужнасці, дух ведання і страху Госпада; 3 і ўпадабанне Яго ў страху Госпада. Судзіць Ён будзе не па поглядзе вачэй і не па чуткасці вушэй выносіць рашэнні, 4 але судзіць будзе бедных па справядлівасці і будзе прымаць рашэнне па справядлівасці адносна ўпакораных на зямлі; і ўдарыць Ён зямлю дубцом вуснаў Сваіх, і заб’е духам вуснаў Сваіх бязбожніка. 5 І стане справядлівасць поясам на клубах Яго, а вера — перапаяскай сцёгнаў Яго. 6 Воўк будзе жыць сумесна з ягняткам, а пантэра з казлянём разам ляжаць будуць; цяля і леў разам пражываць будуць, а малы хлапчук паганяць іх будзе. 7 Карова і мядзведзіца разам пасвіцца будуць, а іх маладняк сумесна спачываць будзе; і леў і вол салому будуць есці. 8 Немаўлятка гуляць будзе па-над ямаю гадзіны, і ўсуне руку сваю ў нару гадзіны дзіця, якое будзе аднята ад грудзей. 9 На ўсёй Маёй гары святой не будзе крыўды і забойстваў, бо зямля будзе перапоўнена веданнем Госпада, як воды перапаўняюць мора. 10 У той дзень корань Ясэя стане знакам для народаў; народы будуць імкнуцца да Яго, і Яго месцазнаходжанне будзе слаўным. 11 І будзе ў той дзень: ізноў выцягне Госпад руку Сваю, каб завалодаць рэштаю народа Свайго, якая застанецца з Асірыі і Егіпта, з Патроса і Куша, з Элама і з Сэнаара, з Эмата ды з астравоў на моры. 12 І падыме знак для паганаў, і збярэ выгнаннікаў Ізраэля ды пазбірае расцярушаных з Юды з чатырох бакоў свету. 13 Тады спыніцца зайздрасць Эфраіма ды праціўнікі Юды будуць выгублены. Эфраім не будзе больш зайздросціць Юдзе, а Юда не будзе больш ваяваць супраць Эфраіма. 14 І паляцяць ззаду на філістынцаў, каля мора, і разам абрабуюць жыхароў на ўсходзе: на Эдом і Мааб расцягнуць рукі свае ды сыны Амона будуць ім падуладнымі. 15 А Госпад асушыць заліў мора Егіпецкага ды падыме руку Сваю супраць ракі ў магутнасці подыху Свайго, і разаб’е яе на сем рукавоў так, што можна перайсці іх у сандалях. 16 І будзе дарога для рэшты народа Майго, якая застанецца ад Асірыі, як было ў той дзень для Ізраэля, калі ён выходзіў з зямлі Егіпецкай. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)