1 Кажу ж вам: пакуль спадкаемец дзіця, ён нічым не адрозніваецца ад нявольніка, хоць ён і гаспадар над усім, 2 але знаходзіцца да вызначанага часу пад апекунамі і аканомамі. 3 Так і мы, пакуль мы былі дзецьмі, былі паняволены стыхіямі свету. 4 А калі прыйшла поўня часу, паслаў Бог Свайго Сына, народжанага жанчынай, стаўшага пад закон, 5 каб адкупіў тых, якія былі пад законам, каб і мы атрымалі ўсынаўленне. 6 А дзеля таго, што вы – сыны, паслаў Бог Духа Сына Свайго ў сэрцы вашы, Які кліча: «Абба, Ойча!» 7 Так што ты ўжо не нявольнік, але сын; а калі сын, дык і спадкаемец Божы праз Хрыста. 8 Але тады, калі не ведалі вы Бога, служылі тым, якія па сутнасці не ёсць багамі. 9 Цяпер жа, калі вы ўжо пазналі Бога і самі пазнаныя Богам, чаго вяртаецеся да бяссільных і бязродных стыхій, якім зноў хочаце служыць? 10 Вы глядзіце на дні, месяцы, часы і гады! 11 Баюся за вас, што, можа, надарма працаваў у вас. 12 Браты, прашу вас, будзьце такімі, як і я; бо і я стаўся такім, як вы. Нічым вы мяне не скрыўдзілі. 13 Вы ж ведаеце, як праз слабасць цела першы раз я дабравесціў вам, 14 і вы не пагардзілі спакусай маёй у целе маім, і не адрынулі, але прынялі мяне як анёла Божага, як Хрыста Ісуса. 15 Дзе ж тады тое шчасце ваша? Сведчу вам, што, калі б гэта было магчыма, дык, вочы сабе вырваўшы, аддалі б іх мне. 16 Дык ці ворагам стаўся я вам за тое, што казаў вам праўду? 17 Рупяцца яны пра вас не з дабра, але хочуць адарваць вас, каб аб іх вы рупіліся. 18 Добра рупіцца аб добрым заўсёды, а не тады толькі, калі я знаходжуся паміж вас; 19 дзеткі мае, зноў вас нараджаю ў муках, пакуль уфармуецца ў вас Хрыстос. 20 Хацеў бы я быць у вас цяпер ды змяніць голас мой, бо сам я ў неўразуменні аб вас. 21 Скажыце мне тыя, што хочаце жыць пад законам: ці закону вы не чулі? 22 Напісана, што Абрагам меў двух сыноў: аднаго з нявольніцы, другога з вольнай. 23 Але той, што з нявольніцы, паводле цела нарадзіўся, а той, што з вольнай, – праз абяцанне. 24 Гэта як алегорыя сказана, абазначае гэта два запаветы: адзін – на гары Сінай, што на няволю родзіць, гэта Агар. 25 Бо гэтая Агар – гара Сінай у Арабіі, адпавядае цяперашняму Ерузаліму і зняволена з сынамі сваімі. 26 Той жа Ерузалім, што ўгары, вольны, і ёсць маці ўсім нам. 27 Напісана бо: «Узвесяліся, няплодная, якая не нараджаеш, усклікай і крычы, якая не пакутуеш родамі, бо ў пакінутай больш дзяцей, чым у той, якая мае мужа». 28 Мы ж, браты, паводле Ізаака дзеці абяцання. 29 Але як і тады той, што паводле цела нарадзіўся, пераследаваў таго, які паводле духа, так і цяпер. 30 А што кажа Пісанне? «Выгані нявольніцу і яе сына, бо не будзе спадкаемцам сын нявольніцы разам з сынам вольнай». 31 Дык вось, браты, мы дзеці не нявольніцы, але вольнай. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)