ГАЛЯТАЎ 3 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 О неразумныя галаты! Хто зачараваў вас, каб вы не пакараліся праўдзе, вас, перад вачамі якіх апісаны быў Ісус Хрыстос, як бы між вамі укрыжаваны? 2 Гэта адно хачу ад вас даведацца: ці праз учынкі закону атрымалі вы Духа, ці праз слуханне веры? 3 Няўжо вы такія неразумныя, што Духам пачалі, а цяпер целам завяршаеце? 4 Столькі вы нацярпеліся, і безвынікова? Дый калі б безвынікова! 5 Той, Хто вам дае Духа і робіць цуды ў вас, праз учынкі закону [творыць гэта] ці ад слухання веры? 6 Як Абрагам паверыў Богу, і гэта залічана яму за справядлівасць, 7 дык ведайце, што тыя, хто з веры, ёсць сыны Абрагама. 8 Таму прадбачыла Пісанне, што будзе Бог апраўдваць народы з веры, і прадвесціла Абрагаму: «У табе будуць дабраславёны ўсе народы». 9 Дык дабраславёны будуць з верным Абрагамам усе, хто з веры. 10 Бо тыя, што абапіраюцца на ўчынкі закону, знаходзяцца пад праклёнам. Бо напісана: «Пракляты ўсякі, хто не трывае ва ўсім, што напісана ў кнізе закону, каб рабіць гэта». 11 А калі ж законам ніхто не апраўдваецца перад Богам, ясна, што справядлівы з веры жыць будзе. 12 Закон жа не з веры, але хто будзе спаўняць гэта, той жыць будзе ў гэтым. 13 Хрыстос адкупіў нас ад праклёну закону, стаўшыся за нас пракляццем, як напісана: «Пракляты кожны, хто вісіць на дрэве», 14 каб дабраславенне Абрагама праз Хрыста Ісуса перайшло і на паганаў, каб абяцанне Духа атрымалі мы праз веру. 15 Браты, як чалавек кажу, што нават чалавекам зацверджанага запавету ніхто не адкідае або не дадае. 16 Вось жа, Абрагаму выказаны былі абяцанні і семю яго. Не сказана: «І семям», быццам многім, але як аднаму: «І семю твайму», якім ёсць Хрыстос. 17 Гэта, вось, кажу: запавету аб Хрысце, Богам раней зацверджанага, закон, які з’явіўся праз чатырыста трыццаць гадоў, не адкідае, каб знішчыць абяцанне. 18 Бо калі спадчына з закону, то ўжо не з абяцання. Абрагама ж надарыў Бог праз абяцанне. 19 Нашто тады закон? Ён дзеля праступкаў устаноўлены да часу, пакуль не прыйдзе семя, якому дадзена абяцанне; перададзены праз анёлаў рукою пасярэдніка. 20 Пасярэднік пры адным не бывае, а Бог адзін. 21 Ці ж закон працівіцца абяцанням Божым? Ніякім чынам. Калі б дадзены быў закон, які мог бы ажыўляць, то, сапраўды, з закону вынікала б справядлівасць. 22 Але Пісанне замкнула ўсё пад грахом, каб абяцанне з веры ў Ісуса Хрыста было дадзена веруючым. 23 Перш чым прыйшла вера, былі мы замкнутымі пад аховай закону, [чакаючы] веры, якая павінна была быць нам аб’яўлена. 24 Таму закон быў нашым настаўнікам у Хрысце, каб з веры былі мы апраўданы. 25 А калі прыйшла да нас вера, мы ўжо не пад настаўнікам. 26 Бо ўсе вы ёсць сыны Божыя праз веру ў Хрыста Ісуса. 27 Бо вы, тыя, што ў Хрыста ахрысціліся, у Хрыста апрануліся. 28 Няма ўжо юдэя або грэка, няма ўжо нявольніка або вольнага, няма ўжо мужчынскага ані жаночага: бо ўсе вы сталіся адно ў Хрысце Ісусе. 29 Калі ж вы Хрыстовы, дык вы – семя Абрагама, спадкаемцы паводле абяцання. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)