ГАЛЯТАЎ 5 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)1 Дык стойце ў свабодзе, якой вызваліў нас Хрыстос, і не патрапляйце зноў пад ярмо няволі. 2 Вось, я, Паўла, кажу вам, што, калі вы дасцеся абрэзацца, Хрыстос не прынясе вам ніякай карысці. 3 Яшчэ сведчу, што кожны чалавек абрэзаны павінен выконваць увесь закон. 4 Вы, што шукаеце ў законе апраўдання, ад Хрыста аддзеленыя і ад ласкі адпалі. 5 Мы ж духам ад веры маем надзею апраўдання. 6 Бо ў Хрысце Ісусе ані абразанне, ані неабразанне не маюць сілы, а толькі вера, што дзейнічае праз любоў. 7 Вы беглі добра, і хто ж перашкодзіў вам быць паслухмянымі праўдзе? 8 Перакананне гэта не ад Таго, Які вас кліча. 9 Трохі кіслі ўсё цеста квасіць. 10 Я ўпэўнены ў вас у Госпадзе, што інакш гэтага не разумееце; а хто бунтуе вас, той панясе асуджэнне, хто б ён ні быў. 11 Калі ж я, браты, і далей прапаведую абразанне, дык чаму я цярплю пераслед? Тады знікла б згаршэнне крыжа. 12 О каб былі адсечаны тыя, якія вас бунтуюць! 13 Бо вы, браты, пакліканы да свабоды; толькі каб свабоду вы не давалі як падставу для пажадлівасці цела, але любоўю духа служыце адзін аднаму. 14 Бо ўвесь закон адным выразам спаўняецца, вось гэтым: «Любі блізкага свайго, як самога сябе». 15 Калі ж адзін аднаго кусаеце і з’ядаеце, глядзіце, каб вы адзін аднаго не загубілі. 16 Кажу вам: кіруйцеся духам, ды не падпадайце пад пажадлівасць цела. 17 Цела бо цягне супраць духа, а дух – супраць цела; яны супрацівяцца адно аднаму, каб не тое, што хочаце, вы рабілі. 18 Калі будзеце кіравацца духам, вы не пад законам. 19 Вядомыя ж учынкі цела, вось яны: чужаложства, распуста, нячыстасць, разбэшчанасць, 20 балванапаклонства, чараванне, варожасць, сварлівасць, нянавісць, забойствы, гнеў, звадкі, нязгода, герэзіі, 21 забойствы, п’янства, гулянкі і ім падобнае. Аб гэтым я і папярэджваў вас, і папярэджваю, што тыя, якія такое чыняць, Валадарства Божага не атрымаюць. 22 Плод жа духа – любоў, радасць, супакой, доўгацярплівасць, ласкавасць, дабрыня, вера, 23 сціпласць, стрыманасць. Супраць такіх няма закону. 24 Тыя ж, што належаць Хрысту Ісусу, укрыжавалі цела з заганамі і пажадлівасцямі. 25 Калі жывём Духам, дык Духам і ходзім. 26 Давайце не імкнуцца да пустой славы, дражнячы адзін аднаго, зайздросцячы адзін аднаму. |
© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017
Bible Society of Belarus (the Republic of)