Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ВЫСЛОЎІ 20 - Біблія (пераклад А.Бокуна) Біблія (пераклад А.Бокуна)
ВЫСЛОЎІ 20

Разьдзел 20

1 Віно зьдзеклівае, сікера галасьлівая, і кожны, хто блукае з імі, ня мае мудрасьці.

2 Ярасьць валадара — як рыканьне ільва, хто выклікае яе, грашыць супраць душы сваёй.

3 Слава для чалавека — пакінуць спрэчку, а ўсе неразумныя задзірлівыя.

4 Гультай ня хоча араць, бо холадна, таму будзе прасіць у час жніва, і [не атрымае] нічога.

5 Намеры ў сэрцы чалавека — глыбокія воды, але разумны чалавек вычэрпвае іх.

6 Багата людзей абвяшчае пра міласэрнасьць сваю, але праўдамоўнага чалавека хто можа знайсьці?

7 Праведнік ходзіць у беззаганнасьці сваёй, шчасьлівыя сыны ягоныя пасьля яго.

8 Валадар, які сядзіць на судовым пасадзе, раскідвае вачыма сваімі ўсякую ліхоту.

9 Хто можа сказаць: «Я ачысьціў сэрца маё, я чысты ад грэху майго»?

10 Неаднолькавыя вагі і неаднолькавая эфа, адно і другое — агіда для ГОСПАДА.

11 Нават у юнака па паводзінах можна зразумець, ці чыстыя, ці правыя справы ягоныя.

12 Вуха, якое чуе, і вока, якое бачыць, — ГОСПАД зрабіў і адно, і другое.

13 Не любі спаць, каб табе не зьбяднець, адкрый вочы свае, і насыцішся хлебам.

14 «Дрэннае, дрэннае», — кажа пакупнік, а калі адый­дзецца, тады хваліцца.

15 Ёсьць золата і мноства пэрлінаў, але найкаштоўнейшая рэч — вусны разумныя.

16 Забяры адзеньне яго, бо ён паручыўся за чужога, і за чужынца вазьмі заклад ад яго.

17 Салодкі чалавеку хлеб ашуканства, але потым пяском напоўняцца вусны ягоныя.

18 Думкі ўмацоўваюцца парадамі, і з разважлівасьцю вядзі вайну.

19 Хто ходзіць абмоўнікам, той выяўляе таямніцы, дык ня зьвязвайся з тым, хто рот свой разьзяўляе.

20 Хто кляне бацьку свайго і маці сваю, у таго сьветач патухне сярод глыбокай цемры.

21 Спадчына, на пачатку пасьпешліва здабытая, ня бу­дзе пры канцы дабраслаўлёная.

22 Не кажы: «Я адплачу за зло», спадзявайся на ГОСПАДА, і Ён выбавіць цябе.

23 Агіда для ГОСПАДА — неаднолькавыя вагі, і шалі падманлівыя — ня добра.

24 Ад ГОСПАДА крокі чалавека, і як жа чалавеку зразумець шлях свой?

25 Пастка для чалавека — пасьпешліва зрабіць шлюбаваньне, а пасьля абяцаньня разважаць.

26 Мудры валадар раскідае бязбожнікаў і зьверне на іх кола [малатарнае].

27 Сьветач ГОСПАДАЎ — дух чалавечы, ён дасьледуе ўсе сховы нутра.

28 Міласэрнасьць і праўда ахоўваюць валадара, і міласэрнасьцю ўмацоўваецца пасад ягоны.

29 Слава юнакоў — сіла іхняя, а веліч старых — сівізна.

30 Вытні і раны — лекавальная масьць, [якая пазбаўляе] ад ліхоты, і ўдары [ачышчаюць] глыбіню нутра.