Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 21 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 21

1 Сэрца валадара ў руцэ ГОСПАДА, як ручаі водаў; Ён скіроўвае яго, куды хоча.

2 Усе шляхі чалавека слушныя ў вачах ягоных, але ГОСПАД узважвае сэрцы.

3 Праведнасьць і суд даспадобы ГОСПАДУ больш, чым ахвяра.

4 Узьнесеныя вочы і надзьмутае сэрца — ніва бязбожнікаў, [і гэта] грэх.

5 Думкі руплівага [прыносяць] прыбытак, а кожны нецярплівы [будзе мець] нястачу.

6 Зьбіраньне скарбаў языком падманлівым — пара, што зьнікае, і шуканьне сьмерці.

7 Злачыннасьць бязбожнікаў зьвернецца на іх, бо яны грэбуюць чыніць суд [справядлівы].

8 Крывы шлях чалавека нягоднага, а справы чыстага — простыя.

9 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме.

10 Душа бязбожніка жадае зла, ня знойдзе [ласкі] ў вачах ягоных бліжні яго.

11 Калі караюць насьмешніка, неразумны стаецца мудрэйшым, і калі мудрага вучаць, ён здабывае веданьне.

12 Разважае праведнік пра дом бязбожніка, як гінуць бязбожнікі ў ліхоцьці сваім.

13 Хто вушы свае затыкае на крык убогага, той сам будзе клікаць, але ня будзе адказу.

14 Падарунак таемны тушыць гнеў, а гасьцінец у заўлоньне [спыняе] вялікую ярасьць.

15 Правасудзьдзе — радасьць для праведніка і загуба для злачынцаў.

16 Чалавек, які зьбіваецца са шляху розуму, супачыне ў грамадзе памёршых.

17 Хто любіць весяліцца, будзе ў нястачы, а хто любіць віно і алей, ня будзе багатым.

18 Выкупам за праведніка [будзе] бязбожнік, а [выкупам] за правага — ліхадзей.

19 Лепш жыць у зямлі пустыннай, чым з жонкай гняўлівай і сварлівай.

20 Прывабныя скарбы і алей у жытле мудрага, а бязглузды чалавек змарнуе іх.

21 Хто імкнецца да праведнасьці і міласэрнасьці, знойдзе жыцьцё, праведнасьць і славу.

22 Мудры ўвойдзе ў горад магутных і зрыне моц, у якой яны мелі пэўнасьць.

23 Хто захоўвае вусны свае і язык свой, захоўвае душу сваю ад бедаў.

24 Свавольны і дзёрзкі, называны блюзьнерам, робіць усё ў шале нахабства.

25 Жаданьне гультая заб’е яго, бо рукі ягоныя адмаўляюцца працаваць.

26 Кожны дзень ён жадае і прагне, а праведнік дае і не шкадуе.

27 Ахвяра бязбожнікаў — брыдота, тым больш [брыдотныя] тыя, якія складаюць яе з падступнасьцю.

28 Сьведка хлусьлівы згіне, а чалавек, які слухае, будзе гаварыць заўсёды.

29 Чалавек бязбожны ўпарты абліччам сваім, а правы разумее шлях свой.

30 Няма мудрасьці, і няма розуму, і няма рады насуперак ГОСПАДУ.

31 Каня рыхтуюць на дзень бітвы, але перамога — ад ГОСПАДА.

Сачыце за намі:



Аб'явы