Біблія онлайн

Аб'явы

Усю біблію Стары Запавет Новы Запавет


ЯНА 11 - Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года)
ЯНА 11

1 Быў жа захварэў нейкі Лазар з Бэтаніі, з селішча Марыі і Марты, сястры яе.

2 Марыя ж была тая, што намасціла Госпада пахкім алейкам ды абцёрла ногі Яго сваімі валасамі, яе брат Лазар захварэў.

3 Сёстры паслалі да Яго, кажучы: «Госпадзе, вось, той, каго любіш, хворы».

4 Пачуўшы гэта, Ісус сказаў: «Хвароба гэта не на смерць, але на хвалу Божую, каб праз яе быў праслаўлены Сын Божы».

5 А Ісус любіў Марту, і сястру яе, і Лазара.

6 Калі пачуў, што той хворы, то заставаўся яшчэ два дні ў тым месцы, у якім быў.

7 І пасля таго кажа вучням: «Хадземце зноў у Юдэю».

8 Кажуць Яму вучні: «Рабі, толькі што імкнуліся Цябе ўкаменаваць юдэі, а Ты зноў туды ідзеш?»

9 Адказаў Ісус: «Ці не дванаццаць гадзін у дні? Калі хто ходзіць днём, не спатыкаецца, бо бачыць святло гэтага свету;

10 але калі хто ходзіць уночы, спатыкаецца, бо няма ў ім святла».

11 Так гаворыць, а пасля таго кажа ім: «Лазар, наш сябар, спіць, але Я іду, каб яго абудзіць».

12 Дык сказалі Яго вучні: «Госпадзе, калі заснуў, будзе здаровы»,

13 Ісус жа сказаў аб смерці яго, а яны думалі, што казаў аб засынанні сном.

14 Тады сказаў ім Ісус адкрыта: «Лазар памёр,

15 і радуюся за вас, што вы паверыце, бо Мяне там не было; але пойдзем да яго».

16 А Тамаш, званы Блізнюк, сказаў вучням: «Пойдзем і мы, каб з Ім памерці».

17 Затым прыйшоў Ісус і ўбачыў, што ён ужо чатыры дні ляжыць у магіле.

18 А Бэтанія знаходзілася блізка ад Ерузаліма, каля пятнаццаці стадый.

19 Да Марыі ж і Марты прыйшло многа юдэяў, каб суцешыць іх па браце іх.

20 Як толькі пачула Марта, што Ісус ідзе, пабегла да Яго, а Марыя засталася дома.

21 Сказала тады Марта Ісусу: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не памёр бы брат мой.

22 Але і цяпер ведаю, калі пра што папросіш Бога, дасць Табе Бог».

23 Кажа ёй Ісус: «Уваскрэсне брат твой».

24 Кажа Яму Марта: «Ведаю, што ўваскрэсне пры ўваскрэсенні ў апошні дзень».

25 Сказаў ёй Ісус: «Я ёсць уваскрэсенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, хоць бы ён і памёр, жыць будзе;

26 і кожны, хто жыве і верыць у Мяне, не памрэ навекі. Верыш у гэта?»

27 Гаворыць Яму: «Так, Госпадзе; я веру, што Ты – Хрыстос, Сын Божы, Які прыходзіць у свет».

28 І калі яна сказала гэта, то пайшла і паклікала сястру сваю, Марыю, ціха кажучы: «Настаўнік прыйшоў і кліча цябе».

29 Яна ж, як пачула, хутка ўзнялася і пайшла да Яго,

30 бо Ісус яшчэ не ўвайшоў у селішча, але быў дагэтуль на тым месцы, дзе Яго сустрэла Марта.

31 А юдэі, што былі з ёй у доме і суцяшалі яе, калі ўбачылі, што Марыя хутка ўстала і выбегла, пайшлі за ёй, мяркуючы: «Ідзе да магілы, каб там плакаць».

32 Марыя ж, калі прыйшла туды, дзе быў Ісус, убачыўшы Яго, упала да ног Яго, кажучы Яму: «Госпадзе, каб Ты быў тут, не дапусціў бы, каб памёр брат мой».

33 І вось, Ісус, як убачыў, што яна плача і што плачуць юдэі, якія з ёй прыйшлі, усхваляваўся ў Духу і быў узрушаны ў Сабе,

34 і сказаў: «Дзе паклалі яго?» Кажуць Яму: «Госпадзе, пайдзі і паглядзі».

35 І Ісус заплакаў.

36 Дык казалі юдэі: «Вось як Ён яго любіў».

37 А некаторыя з іх сказалі: «Ці не мог Ён, што адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?»

38 А Ісус, хвалюючыся ў Самім Сабе, прыйшоў да магілы; а была гэта пячора, і камень быў на ёй пакладзены.

39 Гаворыць Ісус: «Падыміце камень!» Дык кажа Марта, сястра таго, які быў памерлы: «Госпадзе, ужо смярдзіць, бо ўжо мінула чатыры дні».

40 Кажа ёй Ісус: «Ці ж Я табе не казаў, што, калі ўверыш, убачыш славу Божую?»

41 Дык паднялі камень, дзе ляжаў памерлы. Ісус жа, узвёўшы вочы ўгору, сказаў: «Ойча, дзякую Табе, што Ты Мяне выслухаў.

42 Я ведаў, што Ты Мяне заўсёды выслухоўваеш, але дзеля народа, які стаіць навокал, Я сказаў, каб уверылі, што Ты Мяне паслаў».

43 І, калі Ён гэта сказаў, усклікнуў моцным голасам: «Лазар, выйдзі вон!»

44 І адразу выйшаў той, што быў памерлы, абвязаны па руках і нагах павязкамі, а твар яго быў абвязаны хусткай. Кажа ім Ісус: «Развяжыце яго і пусціце яго хадзіць».

45 Дык многія з юдэяў, што прыйшлі да Марыі і бачылі, што Ісус учыніў, паверылі ў Яго;

46 некаторыя ж з іх пайшлі да фарысеяў і расказалі ім, што зрабіў Ісус.

47 Дык сабралі першасвятары і фарысеі раду і казалі: «Што нам рабіць? Бо Чалавек Гэты робіць многа знакаў.

48 Калі так Яго пакінем, дык усе павераць у Яго, і прыйдуць рымляне, і захопяць нас, і краіну, і народ».

49 Дык адзін з іх, нехта Каяфа, які быў у тым годзе першасвятаром, сказаў ім: «Вы нічога не ведаеце

50 і не думаеце, што лепш для вас, каб адзін чалавек памёр за народ, а не ўвесь народ загінуў».

51 А не гаварыў гэтага ад сябе, але як першасвятар у гэтым годзе праракаваў, што Ісус павінен быў памерці за народ,

52 і не толькі за гэты народ, але каб сабраць у адно дзяцей Божых, што былі раскіданы.

53 Ад таго дня думалі толькі, як Яго забіць.

54 Таму Ісус не хадзіў ужо яўна сярод юдэяў, але адышоў адтуль у мясцовасць паблізу пустыні, у горад, які называецца Эфраім, і там заставаўся з вучнямі Сваімі.

55 І была блізка Пасха юдэйская, і многа людзей з краю выбралася ў Ерузалім перад Пасхаю, каб ачысціцца.

56 Дык шукалі Ісуса і казалі адзін аднаму, стоячы ў святыні: «Як вам здаецца? Ці не прыйдзе Ён на свята?»

57 А першасвятары і фарысеі далі загад, каб, калі хто даведаецца, дзе Ён, паведаміў, каб Яго ўзяць.

© МХРБ «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь», 2017 

Bible Society of Belarus (the Republic of)