Вых 251 І прамовіў ГОСПАД да Майсея, кажучы: 2 «Прамоў да сыноў Ізраіля, і няхай яны зьбяруць для Мяне дары. Ад кожнага чалавека, у якога сэрца ягонае дабраахвотна [пажадае] даць, бярыце дар Мой. 3 I вось дары, якія вы будзеце зьбіраць ад іх: золата, срэбра і медзь, 4 і блакіт, і пурпур, і барвовы кармазын, і вісон, і казіную [поўсьць], 5 і скуры бараноў, фарбаваныя на чырвона, і скуры тахаш, і дрэва акацыі, 6 алей для асьвятленьня, пахошчы для алею памазаньня і для пахкага каджэньня, 7 камяні оніксу і камяні для аздабленьня эфоду і нагрудніку. 8 I няхай зробяць для Мяне сьвятыню, і Я буду жыць сярод іх. 9 Усё, як Я пакажу табе, паводле ўзору сялібы і паводле ўзору ўсяго начыньня яе, так і зрабіце. 10 I няхай зробяць каўчэг з дрэва акацыі; два з паловаю локці даўжыня яго, і паўтары локці шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго. 11 I пакрыеш яго шчырым золатам; знутры і звонку пакрыеш яго; і зробіш наверсе наўкола вянок залаты. 12 I выльеш да яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш [іх] на чатырох кутах яго, два колцы на адным баку яго, і два колцы на другім баку яго. 13 I зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам. 14 I ўложыш насілы ў колцы па баках каўчэгу, каб на іх насіць каўчэг. 15 У колцах каўчэгу маюць быць насілы, ня будуць іх вымаць адтуль. 16 I ўложыш у каўчэг Сьведчаньне, якое Я дам табе. 17 I зробіш накрыўку са шчырага золата, два локці з паловаю даўжыня яе, і паўтары локці шырыня яе. 18 I зробіш двух херувімаў з золата, каванымі зробіш іх з абодвух бакоў накрыўкі. 19 I зробіш аднаго херувіма на тым баку, і аднаго херувіма на гэтым баку; разам з накрыўкай зробіце херувімаў на абодвух баках яе. 20 I будуць херувімы, распусьціўшы крылы ўгару, захінаць крыламі сваімі накрыўку, а абліччамі сваімі [будуць зьвернуты] адзін да аднаго; да накрыўкі будуць [зьвернутыя] абліччы херувімаў. 21 I паложыш накрыўку на каўчэг зьверху, і ў каўчэг паложыш Сьведчаньне, якое Я дам табе. 22 I Я буду сустракацца з табою там, і гаварыць з табою з-над накрыўкі, паміж двух херувімаў, якія над Каўчэгам Сьведчаньня, пра ўсё, што буду загадваць табе для сыноў Ізраіля. 23 I зробіш стол з дрэва акацыі, два локці даўжыня яго, локаць шырыня яго, і паўтары локці вышыня яго. 24 I пакрыеш яго шчырым золатам, і зробіш яму вянок залаты наўкола. 25 I зробіш яму наўкола ліштву [шырынёю] ў далонь, і зробіш наўкола вянок залаты да ліштвы ягонай. 26 I зробіш для яго чатыры колцы залатыя, і прыладзіш колцы да чатырох рагоў, якія пры чатырох ножках ягоных. 27 Пры ліштвах маюць быць колцы, каб укладаць насілы і насіць стол. 28 I зробіш насілы з дрэва акацыі, і пакрыеш іх золатам, і будуць насіць на іх стол. 29 I зробіш да яго місы, і чашы, і збаны, і кубкі для складаньня ахвяраў вадкіх; са шчырага золата зробіш іх. 30 I будзеш класьці на стол хлябы пакладныя перад абліччам Маім заўсёды. 31 I зробіш сьвечнік з золата шчырага, каваным будзе зроблены сьвечнік; падстава яго, і сьцябло яго, чарачкі яго, яблыкі яго і кветкі яго маюць [выходзіць] з яго. 32 I шэсьць сьцяблінаў маюць выходзіць з бакоў яго: тры сьцябліны сьвечніка з аднаго боку яго, і тры сьцябліны сьвечніка з другога боку яго. 33 Тры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, з яблыкам і кветкаю, на адной сьцябліне, і тры чарачкі, [падобныя] да мігдалу, на другой сьцябліне, з яблыкам і кветкаю. Гэтак на шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка. 34 А на [камлі] сьвечніка маюць быць чатыры чарачкі, падобныя да мігдалу, з яблыкам і кветкаю. 35 I яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, і яблык пад двума сьцяблінамі, [што выходзяць] з яго, на ўсіх шасьці сьцяблінах, што выходзяць са сьвечніка. 36 Яблыкі іхнія і сьцябліны іхнія будуць [выходзіць] з яго; ён увесь суцэльна [мае быць] каваны са шчырага золата. 37 I зробіш сем лямпаў для яго, і будуць прыладжаны лямпы ягоныя, і будуць сьвяціць на пярэдні бок яго. 38 I абцужкі да яго, і папяльнічкі да яго [зробіш] са шчырага золата. 39 З таленту золата шчырага няхай зробяць яго з усімі гэтымі прыладамі. 40 I глядзі, і зрабі паводле ўзору іхняга, які Я паказаў табе на гары. |