Разьдзел 251 Гэта таксама прыповесьці Салямона, сабраныя людзьмі Эзэкіі, валадара Юды. 2 Слава Божая — утоіць справу, а слава валадароў — дасьледаваць справу. 3 Высокасьць неба, глыбокасьць зямлі і сэрца валадароў недасьледныя. 4 Аддзялі жужаль ад срэбра, і выйдзе ў майстра начыньне. 5 Прыбяры бязбожніка ад аблічча валадара, і пасад ягоны ўмацуецца праведнасьцю. 6 Не ўзьвялічвай сябе перад абліччам валадара і на месцы вялікіх ня стой, 7 бо лепш, калі скажуць табе: «Узьніміся вышэй», чым калі панізяць цябе перад абліччам магната, якога бачылі вочы твае. 8 Не кідайся пасьпешліва судзіцца, бо што зробіш у канцы, калі асароміць цябе бліжні твой. 9 Вядзі спрэчку з бліжнім тваім і не выяўляй таямніцу іншага, 10 каб той, хто пачуе, не ўпікнуў цябе, і каб не зьвярнулася [супраць] цябе гаворка твая. 11 Як залатыя яблыкі са срэбнымі ўпрыгожваньнямі, так слова, сказанае дарэчы. 12 Як залатыя завушніцы і аздоба са шчырага золата, так мудрае дакараньне для ўважлівага вуха. 13 Як прахалода сьнегу ў дзень жніва, так верны пасланец для таго, хто паслаў яго, ён ажыўляе душу гаспадара свайго. 14 Як хмары і вецер без дажджу, так чалавек, які хваліцца падарункам фальшывым. 15 Цярплівасьцю пераканаеш начальніка, і лагодны язык ломіць костку. 16 [Як] знайшоў мёд, еш, колькі трэба табе, каб ты не пераеў і не званітаваў. 17 Стрымай нагу тваю ад дому бліжняга твайго, каб ты не надакучыў яму і каб ён не ўзьненавідзеў цябе. 18 Як мачуга, меч і вострая страла, так чалавек, які кажа фальшывае сьведчаньне супраць бліжняга свайго. 19 Як гнілы зуб і кульгавая нага, так надзея на ліхадзея ў дзень бедства. 20 Як здымаць адзеньне ў халодны дзень, як [ліць] воцат на салетру, так сьпяваць песьні засмучанаму сэрцу. 21 Калі ненавісьнік твой галодны, накармі яго хлебам, калі смагне, напаі яго вадою, 22 бо гэтым вугольле зьбіраеш на галаву ягоную, і ГОСПАД аднагародзіць табе. 23 Паўночны вецер прыганяе дождж, а язык абмоўніка [прыносіць] гнеў на тварах. 24 Лепей жыць у куце на даху, чым са сварліваю жонкаю ў прасторным доме. 25 Як халодная вада для стомленай душы, так добрыя весткі з далёкага краю. 26 Як скаламучанае жарало і зьнішчаная крыніца, так праведнік, які падае перад бязбожнікам. 27 Як нядобра есьці шмат мёду, так дамагацца сваёй славы ня ёсьць слава. 28 Як горад зруйнаваны і без муроў, так чалавек, які не валодае духам сваім. |