ВЫСЛОЎІ 24 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Разьдзел 24 1 Не зайздросьці людзям ліхім, не жадай быць з імі, 2 бо пра злачыннасьць думае сэрца іхняе, і пра ліхоту вусны іхнія гавораць. 3 Мудрасьцю будуецца дом, і розумам умацоўваецца, 4 і праз веданьне напаўняюцца пакоі яго ўсялякай каштоўнай і прывабнай маёмасьцю. 5 Мудры чалавек мае моц, і чалавек, які мае веды, умацоўвае сілу [сваю]. 6 Таму з разважлівасьцю вядзі вайну тваю, і пры мностве дарадцаў — выратаваньне. 7 Занадта высокая мудрасьць для неразумнага, ён не раскрывае ў брамах вуснаў сваіх. 8 Хто задумляе рабіць ліхое, таго называюць зламысным. 9 Намеры бязглуздага — грэх, і [намеры] блюзьнера — агіда для чалавека. 10 Калі ты слабы ў дзень бедства, дык малая сіла твая. 11 Ратуй узятых на сьмерць, і ці ж не пашкадуеш тых, якія сказаныя на загубу? 12 Калі скажаш: «Вось, мы ня ведалі гэтага?», ці ж Той, Хто дасьледуе сэрцы, не разумее? Ці ж Той, Хто захоўвае душу тваю, ня ведае? Ці ж Ён не аддасьць чалавеку паводле справаў ягоных? 13 Еш мёд, сыне мой, бо ён добры, і соты салодкія для паднябеньня твайго. 14 Гэтак сама веданьне мудрасьці для душы тваёй. Калі ты знайшоў яе, ёсьць будучыня, і надзея твая не загіне. 15 Не цікуй, бязбожніку, каля жытла праведніка, не спусташай месца супачынку ягонага, 16 бо сем разоў упадзе праведнік і ўстане, а бязбожнікі трапяць у няшчасьце. 17 Ня радуйся, калі ўпадзе вораг твой, і няхай ня цешыцца сэрца тваё, калі ён спатыкнецца, 18 бо часам убачыць ГОСПАД, і будзе [гэта] ліхім у вачах Ягоных, і Ён адверне гнеў Свой ад яго. 19 Ня гневайся, [гледзячы] на ліхотнікаў і не зайздросьці бязбожнікам, 20 бо ня будзе будучыні ліхому, і сьветач бязбожнікаў стухне. 21 Бойся ГОСПАДА, сыне мой, і валадара, і ня зьвязвайся са змоўшчыкамі, 22 бо неспадзявана прыйдзе на іх загуба, і бедства ад іх абодвух хто можа ведаць. 23 Гэта таксама для мудрых: нядобра зважаць на аблічча ў судзе. 24 Таго, хто кажа бязбожніку: «Ты праведны», будуць праклінаць народы і будуць брыдзіцца ім людзі. 25 А тымі, што дакараюць, будуць захапляцца, і зыйдзе на іх шчодрае дабраславенства. 26 У вусны цалуе той, хто адказвае шчырымі словамі. 27 Выканай працу тваю звонку [дому] і скончы яе на полі тваім, а пасьля пабудуй дом твой. 28 Ня сьведчы без прычыны супраць бліжняга твайго, і не падманвай вуснамі тваімі. 29 Не кажы: «Як ён мне зрабіў, так і я зраблю яму, аддам чалавеку паводле справаў яго». 30 Праходзіў я праз поле гультая і праз вінаграднік чалавека бяз розуму, 31 і вось, усё зарасло асотам, і крапіва пакрыла паверхню яго, і каменная агароджа зруйнаваная. 32 І паглядзеў я, і зьвярнуў [на гэта] сэрца маё, убачыў, і атрымаў настаўленьне: 33 «Крыху пасьпіш, крыху падрэміш, крыху, склаўшы рукі, паляжыш. 34 і прыйдзе, як валацуга, беднасьць твая, і нястача твая — як чалавек узброены». |