Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

ВЫСЛОЎІ 26 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Разьдзел 26

1 Як сьнег улетку, а дождж у жніво, так дурню не пасуе слава.

2 Як птушка пераляціць і як ластаўка паляціць, так праклён беспрычынны ня збудзецца.

3 Пуга — для каня, аброць — для асла, а кій — на сьпіну дурня.

4 Не адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ты падобным да яго.

5 Адказвай дурню паводле дурасьці ягонай, каб ня стаўся ён мудрым у вачах сваіх.

6 Падцінае сабе ногі і п’е шкоду сваю той, хто праз рукі дурня слова пасылае.

7 Няроўныя ногі кульгавага, таксама прыказка ў вуснах дурня.

8 Як прывязваць камень да вяроўкі, так аддаваць пашану дурню.

9 Як калючка ў руцэ п’янага, так прыказка ў вуснах дурня.

10 Вяльможны робіць усё: і дурня наймае, і мінака наймае.

11 Як сабака вяртаецца да ванітаў сваіх, так дурань паўтарае дурасьць сваю.

12 Ці бачыў ты чалавека, мудрага ў вачах сваіх? На дурня большая надзея, чым на такога.

13 Гультай кажа: «Леў на шляху! Леў на плошчы!»

14 Дзьверы варочаюцца на завесах сваіх, а гультай — на ложку сваім.

15 Гультай хавае руку сваю ў місе, і яму цяжка падняць яе да вуснаў сваіх.

16 Гультай мудрэйшы ў вачах сваіх за сямёх, што адказваюць з разуменьнем.

17 Хапае сабаку за вушы той, хто мяшаецца ў чужую спрэчку.

18 Як вар’ят, які кідае агонь, стрэлы і сьмерць,

19 так чалавек, які падманвае бліжняга свайго і кажа: «Гэта я жартую».

20 Калі няма дроваў, агонь гасьне, калі няма пляткара, звадка сьціхае.

21 Вугаль — для жару, дровы — для агню, а чалавек сварлівы — для распальваньня спрэчкі.

22 Словы пляткара — як прысмакі, яны зыходзяць у глыб нутра.

23 Як гліна, паліваная срэбрам з жужалем, так гарачыя вусны і ліхое сэрца.

24 Ненавісьнік прыкрываецца вуснамі сваімі, а ў нутры сваім рыхтуе ашуканства.

25 Калі ён робіць лагодным голас свой, ня вер яму, бо сем брыдотаў у сэрцы ягоным.

26 [Чыя] нянавісьць прыхоўваецца ашуканствам, таго ліхота выявіцца перад грамадою.

27 Хто капае яму, той уваліцца ў яе, і хто пакоціць камень, на таго ён вернецца.

28 Брахлівы язык ненавідзіць пакрыўджаных ім, і вусны лісьлівыя вядуць да загубы.

Сачыце за намі:



Аб'явы