Ёў 291 І працягваў Ёў прамову сваю, і сказаў: 2 «Хто мне дасьць, каб я быў як у часы старадаўнія, у тыя дні, калі Бог захоўваў мяне, 3 калі сьветач Ягоны сьвяціў над галавой маёй, калі ў сьвятле Ягоным хадзіў я ў цемры, 4 калі яшчэ жыў у днях восені маёй, калі спагаднасьць Бога была ў намёце маім, 5 калі Усемагутны быў са мною і вакол мяне — дзеці мае, 6 калі сьцежкі мае купаліся ў масьле, і са скалы ручаём сьцякаў алей. 7 Калі я выходзіў да брамы гораду, і на плошчы ставіў сядзеньне маё, 8 убачыўшы мяне, юнакі хаваліся, а старыя ўставалі і стаялі, 9 князі пераставалі гаварыць і клалі палец на вусны свае, 10 начальнікі спынялі голас свой, і язык іхні прыліпаў да паднябеньня. 11 Вуха, якое чула мяне, добра гаварыла пра мяне, і вока, якое бачыла, сьведчыла пра мяне, 12 бо я вызваляў гаротніка, які клікаў [мяне], і сірату, і бездапаможнага. 13 Дабраславенства таго, які гінуў, зыходзіла на мяне, і сэрца ўдавы я рабіў радасным. 14 Я апранаўся ў праведнасьць, і быў апрануты; як плашч і карона быў суд мой. 15 Вокам быў я для сьляпога, і нагой — для кульгавага. 16 Бацькам быў для ўбогіх, і ў справе, якой ня ведаў, пільна разьбіраўся. 17 Я разьдзіраў пашчу крыўдзіцелю і вырываў з зубоў ягоных нарабаванае. 18 Я гаварыў у душы: “У гнязьдзе сваім я памру і, як пясок, памножу дні свае. 19 Корань мой адкрыты для вады, і раса пакрывае галіны мае. 20 Слава мая заўсёды аднаўляецца, і лук у руцэ маёй абнаўляе [сілу]”. 21 Тыя, што слухалі мяне, чакалі, і маўчалі, [чуючы] параду маю. 22 Да словаў маіх ня мелі нічога дадаць, і мова мая на іх сплывала. 23 І чакалі мяне, як дажджу, і адкрывалі вусны свае, як на дождж вясновы. 24 Калі ўсміхаўся я да іх, ня верылі, і сьвятла аблічча майго не адкідалі. 25 Я выбіраў шлях да іх, і сядзеў на чале, і быў, як валадар у атачэньні войска; як той, хто пацяшае засмучаных. |