ЁВА 28 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 28 1 Сапраўды, срэбра мае пачаткі жылаў, і ёсьць месца для золата, дзе яго ачышчаюць. 2 Жалеза здабываецца з парахна, і з каменя топіцца медзь. 3 [Чалавек] паставіў мяжу цемры, і дасьледуе ўсё да краю, і [шукае] камяні ў цемры і ценю сьмерці. 4 Капаюць капальні там, дзе не хадзілі ногі, зыходзяць у глыбіню, вісяць і хістаюцца далёка ад людзей. 5 Зямля, з якой хлеб вырастае, у глыбіні перавернута, як агнём. 6 Камяні ейныя — месца шафіра, і пясок золата ў ёй. 7 Драпежная птушка ня ведае сьцежкі [туды], і ня бачыць яе вока арла. 8 Не тапталі яе сыны пыхлівасьці, і не праходзіў па ёй леў. 9 Выцягвае [чалавек] руку сваю на крэмень, і пераварочвае горы да падножжа. 10 У скалах высякае каналы, і ўсё каштоўнае бачыць вока ягонае. 11 І спыняе ён цячэньне рэк, і скарбы выдабывае на сьвятло. 12 Але дзе знаходзіцца мудрасьць, і дзе месца розуму? 13 Чалавек ня ведае туды дарогі і не знаходзіць яе на зямлі жывых. 14 Бездань кажа: “Няма яе ў-ва мне”, і мора кажа: “Няма яе ў-ва мне”. 15 Не даецца яна за золата і не здабываецца яна за вагу срэбра. 16 Ня плаціцца за яе ані золатам Афіру, ані каштоўным оніксам або шафірам. 17 Не раўняецца да яе золата і шкло, не замяніць яе на посуд залаты. 18 Каралі і крышталь ня ўзгадваюцца [пры ёй]; цана мудрасьці — большая за пэрлы. 19 Ня варты яе тапаз з Кушу, і золатам чыстым не ацэніш яе. 20 Адкуль паходзіць мудрасьць, і дзе месца розуму? 21 Схаваная яна ад вачэй усіх жывых, птушкам нябесным невядомая. 22 Абадон і сьмерць кажуць: “Вушамі нашымі мы чулі пра славу яе”. 23 Бог разумее шлях яе, і Ён ведае месца ейнае. 24 Бо Ён разглядае краі зямлі, і бачыць усё, што пад небам. 25 Калі даваў Ён сілу ветру і ўсталёўваў водам берагі, 26 калі даваў закон дажджам, і шлях грымоту і маланцы, 27 тады бачыў Ён яе, і выявіў, і ўмацаваў яе, і дасьледаваў яе. 28 І сказаў Ён чалавеку: “Страх перад Госпадам — гэта мудрасьць; а пазьбягаць зла — розум”». |