ЁВА 30 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 30 1 А цяпер сьмяюцца з мяне маладзейшыя за мяне днямі, бацькоў якіх я грэбаваў пакласьці разам з сабакамі пры авечках маіх. 2 Бо сіла рук іхніх мне была не патрэбная. Поўня сілы іх мінула. 3 З бяды і з голаду яны зьнемагліся, і жывіліся ў [зямлі] бясплоднай, зруйнаванай і спустошанай. 4 Зьбіралі лебяду і хмызьнякі, і корань ядлоўца быў хлебам іхнім. 5 Спасярод сябе іх выкідалі і крычалі на іх, як на злодзеяў. 6 І жылі яны ў сухіх ярах, у ямах зямлі і ў скалах. 7 Раўлі яны ў хмызьняках і зьбіраліся пад цернямі, 8 сыны неразумных і сыны без імя, выгнаныя з зямлі. 9 А цяпер стаўся я для іх насьмешкай і зрабіўся ім у прыказку. 10 Яны брыдзяцца мяне і ўцякаюць далёка ад мяне, і не саромеюцца пляваць мне ў твар, 11 бо Ён разьвязаў пояс мой, і ўдарыў мяне, і яны скінулі вузду [з сябе] перад абліччам маім. 12 Праваруч паўстаюць падшыванцы і падстаўляюць нагу мне, і накіроўваюць на мяне сьцежкі загубы сваёй. 13 Папсулі яны дарогі мае, карыстаюцца з пакутаў маіх, і ня трэба ім дапамога. 14 Як праз вылом муру напалі яны на мяне, і спад руінаў выскокваюць. 15 Жахі агарнулі мяне; як вецер зьнікла веліч мая, і збаўленьне маё, як хмара, праляцела. 16 І цяпер выліваецца з мяне душа мая, і дні гора нахлынулі на мяне. 17 Ноччу [боль] пранізвае косткі мае, і тыя, што ядуць мяне, ня сьпяць. 18 Моцна прыстала да мяне адзеньне маё, і прыліпла сукня мая да мяне. 19 Ён кінуў мяне ў балота, і я стаўся падобны да пылу і попелу. 20 Я клічу Цябе, але Ты не адказваеш мне; стаю, але Ты не глядзіш на мяне. 21 Ты стаўся бязьлітасным для мяне і з моцаю бічуеш мяне рукою Тваёй. 22 Ты падняў мяне і пусьціў на вецер, і спустошыў мяне. 23 Ведаю, што Ты на сьмерць вядзеш мяне, і ў дом, дзе зьбярэцца ўсё жывое. 24 Хіба не працягвае рукі зруйнаваны? Ці не крычыць ён у няшчасьці сваім? 25 Ці ня плакаў я над пакрыўджаным? Ці душа мая не спагадала ўбогаму? 26 Чакаў я дабра, а прыйшло ліха, і шукаў сьвятла, але прыйшла цемра. 27 Нутро маё кіпіць і не змаўкае, нахлынулі на мяне дні гора майго. 28 Хаджу я счарнелы, але не ад сонца, устаю ў грамадзе і крычу. 29 Я стаўся братам для шакалаў і бліжнім для страусаў. 30 Скура мая счарнела на мне, і косткі мае высахлі ад сьпякоты. 31 Сталіся сумнымі гусьлі мае, і жалейка мая з плачам галосіць. |