ДРУГІ ЗАКОН 31:16 - Біблія (пераклад А.Бокуна) І сказаў ГОСПАД Майсею: «Вось, ты засьнеш з бацькамі тваімі, а народ гэты паўстане, і будзе чужаложыць з багамі чужымі зямлі гэтай, у якую ўвойдзе; і пакіне ён Мяне, і парушыць запавет Мой, які Я заключыў з ім. Біблія (пераклад В. Сёмухі) І сказаў Гасподзь Майсею: вось, ты спачнеш з бацькамі тваімі, і пачне народ гэты аблудна хадзіць сьледам за чужымі багамі той зямлі, у якую ён уступае, і пакіне Мяне, і парушыць запавет Мой, які я пастанавіў зь ім; Кнігі Святога Пісання - Біблія - Біблія — пераклад Чарняўскага (выданне 2017 года) І сказаў Госпад Майсею: «Вось жа, ты заснеш з бацькамі сваімі, а народ гэты паўстане, каб хадзіць распусна за чужымі багамі зямлі, у якую ўвойдзеце; тады пакіне ён Мяне і парушыць запавет, які Я заключыў з ім. |
I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго.
I наблізіліся дні Ізраілю, каб памерці, і паклікаў ён сына свайго Язэпа, і сказаў яму: «Калі я знайшоў ласку ў вачах тваіх, прашу, палажы руку сваю пад сьцягно маё і зрабі мне міласэрнасьць і праўду, што не пахаваеш мяне ў Эгіпце.
Але буду я ляжаць з бацькамі сваімі. Вынясі мяне з Эгіпту і пахавай мяне ў магіле іхняй». I той сказаў: «Зраблю паводле слова твайго».
А калі споўняцца дні твае і ты супачынеш з бацькамі тваімі, Я ўзбуджу насеньне тваё пасьля цябе, якое выйдзе з нутра твайго, і ўмацую валадарства ягонае.
Іначай, калі ты, гаспадару мой, валадар, засьнеш з бацькамі сваімі, я і сын мой Салямон будуць [абвешчаны] грэшнікамі».
[Ільля] сказаў: «Ня я трывожу Ізраіля, але ты і дом бацькі твайго, бо ты адкінуў прыказаньні ГОСПАДА і пайшоў за Баалам.
А ён адказаў: «Рэўнасьцю я раўную дзеля ГОСПАДА, Бога Магуцьцяў, бо сыны Ізраіля пакінулі запавет Твой, ахвярнікі Твае развалілі, а прарокаў Тваіх пазабівалі мячом. Застаўся я адзін, але і маю душу шукаюць, каб зьнішчыць яе».
бо ня слухалі яны голасу ГОСПАДА, Бога свайго, і парушалі запавет Ягоны, і ўсё, што загадаў Майсей, слуга ГОСПАДА, ня слухалі і не выконвалі.
У тыя дні Эзэкія захварэў сьмяротна. І прыйшоў да яго прарок Ісая, сын Амоса, і сказаў яму: «Гэта кажа ГОСПАД: “Дай загад пра дом свой, бо ты памрэш і ня будзеш жыць”».
Таксама ён рабіў узгоркі ў гарах Юды, і зрабіў распусьнікамі жыхароў Ерусаліму, і зьвёў Юду.
Бо, вось, гінуць тыя, што ад Цябе адыходзяць; Ты вынішчаеш кожнага, хто чужаложыць, [выракаючыся] Цябе.
I яны ўсталі рана назаўтра, і ахвяроўвалі цэласпаленьні, і прынесьлі ахвяры мірныя; і сеў народ есьці і піць, і ўсталі гуляць.
Не заключай запавет з жыхарамі той зямлі, бо яны будуць распусьнічаць з багамі сваімі, і будуць складаць ахвяры багам сваім, і паклічуць цябе, і ты будзеш есьці ахвяры іхнія,
Ты нічога ня чуў, і нічога ня ведаў, і здаўна не адкрылася [гэта] для вуха твайго, бо Я ведаў, што ты здраднікам і бунтаўніком называешся ад улоньня [маці].
Не такі запавет, які Я заключыў з бацькамі іхнімі ў дзень, калі ўзяў іх за руку, каб вывесьці іх з зямлі Эгіпецкай. Той запавет Мой яны парушылі, хоць Я быў Гаспадаром іхнім, кажа ГОСПАД.
Можа, дойдзе маленьне іхняе перад аблічча ГОСПАДА, і яны адвернуцца ад шляху свайго ліхога? Бо вялікі гнеў і лютасьць, пра якія прамовіў ГОСПАД народу гэтаму».
І паспадзявалася ты на прыгажосьць тваю, і чужаложыла дзеля [славы] імя твайго, і чыніла распусту з кожным, хто праходзіў, хто надарыўся.
Пачатак слова ГОСПАДА праз Осію. І сказаў ГОСПАД да Осіі: «Ідзі, вазьмі сабе жанчыну распусную і дзяцей распусты. Бо распустаю распусьнічае зямля гэтая перад ГОСПАДАМ».
Прамаўляюць словы, прысягаюць хлусьліва, [калі] заключаюць запавет. І квітнее як палын суд іхні на разорах палёў.
калі пагардзіце пастановамі Маімі, і ня будзеце зважаць на прысуды Мае, і ня будзеце выконваць усіх прыказаньняў Маіх, і будзеце парушаць запавет Мой,
І ты ўбачыш яе, і будзеш далучаны да народу свайго, як быў далучаны Аарон, брат твой,
Бо Давід, паслужыўшы ў сваім пакаленьні намеру Божаму, памёр і далучыўся да бацькоў сваіх, і ўбачыў парахненьне,
І Я, хаваючы, схаваю аблічча Маё ў той дзень з прычыны ўсёй ліхоты, якую ён учыніў, бо ён павярнуўся да багоў чужых.
Насыціўся Ешурун і стаўся брыклівы, стаў сыты, тлусты і гладкі, і пакінуў Бога, Які ўчыніў яго, і зьняважыў Скалу збаўленьня свайго.
А ты памрэш на гары, на якую ты ўзыйдзеш, і далучышся да народу свайго, як памёр Аарон, брат твой, на гары Гор і далучыўся да народу свайго.
Калі вы народзіце сыноў і ўнукаў і дажывяцё да старасьці ў зямлі гэтай, і спаганіцеся, і зробіце сабе статуі, нейкія выявы, і зробіце тое, што ліхім ёсьць у вачах ГОСПАДА, Бога вашага, і будзеце гнявіць Яго,
Бо слушныя і справядлівыя суды Ягоныя, бо засудзіў Ён вялікую распусьніцу, якая паганіла зямлю распустаю сваёю, і адпомсьціў за кроў слугаў Сваіх ад рукі яе».
А вы ўсё роўна пакідалі Мяне і пакланяліся багам чужым. Таму ня буду ратаваць вас болей.
А сыны Ізраіля чынілі ліхоту ў вачах ГОСПАДА. І служылі яны Баалам і Астартам, багам Араму, Сідону і Мааву, і багам сыноў Амона, і багам Філістынцаў, і пакінулі яны ГОСПАДА, і не пакланяліся Яму.
І пакінулі яны ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і пайшлі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія жылі вакол іх, і пакланяліся ім, і гнявілі ГОСПАДА.