БЫЦЦЁ 25 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Бц 25 1 I зноў узяў Абрагам жонку, а імя ейнае — Кетура. 2 I нарадзіла яна яму Зімрана, і Ёкшана, і Мэдана, і Мадыяна, і Ішбака, і Шуаха. 3 А Ёкшан нарадзіў Шэву і Дэдана. Сынамі Дэдана былі Ашурым, і Летушым, і Леўмім. 4 А сынамі Мадыяна — Эфа, і Эфэр, і Ханох, і Авіда, і Эльдаа. Усе яны — сыны Кетуры. 5 I аддаў Абрагам усё, што было ў яго, Ісааку. 6 А сынам наложніцаў, якія былі ў Абрагама, даў Абрагам дары, і адаслаў іх ад Ісаака, сына свайго, яшчэ за жыцьця свайго, на ўсход, у зямлю ўсходнюю. 7 I вось дні гадоў жыцьця Абрагама, якія ён пражыў — сто семдзясят пяць гадоў. 8 I супачыў, і памёр Абрагам у старасьці добрай, стары і насычаны [жыцьцём], і быў далучаны да народу свайго. 9 I пахавалі яго Ісаак і Ізмаэль, сыны ягоныя, у пячоры Махпэля, што насупраць Мамрэ, на полі Эфрона Хета, сына Цахара. 10 Гэта тое поле, якое купіў Абрагам у сыноў Хета. Там пахаваныя Абрагам і Сара, жонка ягоная. 11 I сталася пасьля сьмерці Абрагама, дабраславіў Бог Ісаака, сына ягонага, і жыў Ісаак каля Бэер-Ляхай-Рой. 12 Вось радавод Ізмаэля, сына Абрагама, якога нарадзіла Абрагаму Агар Эгіпцянка, нявольніца Сары. 13 I вось імёны сыноў Ізмаэля, паводле імёнаў іхніх, паводле родаў іхніх: першародны Ізмаэля Наваёт, Кедар, Адбээль, Міўсам, 14 Мішма, Дума, Маса, 15 Хадад, Тэма, Етур, Нафіш і Кедма. 16 Гэта сыны Ізмаэля, і гэта імёны іхнія ў паселішчах іхніх і ў табарах іхніх, дванаццаць князёў плямёнаў сваіх. 17 А гадоў жыцьця Ізмаэля — сто трыццаць сем гадоў. І ён супачыў, і памёр, і быў далучаны да народу свайго. 18 І жылі яны ад Хавілі да Шура, які насупраць Эгіпту, калі ідзеш у Асірыю. Перад абліччам усіх братоў сваіх пасяліўся ён. 19 А гэта радавод Ісаака, сына Абрагама. Абрагам нарадзіў Ісаака. 20 I было Ісааку сорак гадоў, калі ён узяў Рэбэку, дачку Бэтуэля Арамейца з Падан-Араму, сястру Лявана Арамейца, сабе за жонку. 21 I прасіў Ісаак ГОСПАДА пра жонку сваю, бо яна была бясплодная; і ГОСПАД быў упрошаны ім, і зачала Рэбэка, жонка ягоная. 22 I штурхаліся сыны ў нутры ейным, і яна сказала: «Калі так, дык чаму ў мяне?» I пайшла спытацца ў ГОСПАДА. 23 I сказаў ГОСПАД ёй: «Два народы ў жываце тваім, і два народы выйдуць з нутра твайго; і адзін народ будзе мацнейшым за другі, і старэйшы будзе служыць малодшаму». 24 I споўніліся дні ейныя, каб нарадзіць, і вось, двайняты ў жываце ейным. 25 I выйшаў першы, чырвоны, увесь, як кажух, касматы; і назвалі імя ягонае Эзаў. 26 Потым выйшаў брат ягоны, і рука ягоная трымала пяту Эзава, і назвалі імя ягонае Якуб. А Ісааку было шэсьцьдзясят гадоў, калі яны нарадзіліся. 27 I вырасьлі хлопчыкі, і быў Эзаў спрытным паляўнічым, чалавекам поля, а Якуб быў чалавекам рахманым, які жыў у намётах. 28 I любіў Ісаак Эзава, бо ўпаляванае ім [было] ў вуснах ягоных; а Рэбэка любіла Якуба. 29 I варыў Якуб страву, і Эзаў прыйшоў з поля, і быў ён стомлены. 30 I сказаў Эзаў Якубу: «Дай мне крыху чырвонай, гэтай чырвонай [стравы], бо я стомлены». Дзеля гэтага названае імя ягонае Эдом. 31 I сказаў Якуб: «Прадай мне сёньня першародзтва тваё». 32 I сказаў Эзаў: «Вось, я ледзь не паміраю, і на што мне гэта першародзтва?» 33 I сказаў Якуб: «Прысягні мне сёньня». І той прысягнуў яму, і прадаў першародзтва сваё Якубу. 34 I Якуб даў Эзаву хлеб і страву з сачэвіцы, і ён еў, і піў, і ўстаў, і пайшоў; і пагрэбаваў Эзаў першародзтвам. |