СУДЗЬДЗЯЎ 2 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Суд 2 1 І зыйшоў анёл ГОСПАДА з Гільгалу ў Бахім, і сказаў: «Я вывеў вас з Эгіпту і завёў вас у зямлю, якую Я запрысяг бацькам вашым, і сказаў: “Не парушу запавету Майго з вамі на вякі. 2 Не заключайце запавет з жыхарамі зямлі гэтай, але разваліце ахвярнікі іхнія”. Але вы не захацелі паслухаць голасу Майго. Чаму вы гэтак зрабілі? 3 І Я сказаў: “Ня буду выганяць іх перад абліччам вашым, каб былі яны вам цернем, а богі іхнія будуць для вас пасткаю”». 4 Калі анёл ГОСПАДА прамаўляў словы гэтыя да ўсіх сыноў Ізраіля, яны ўзьнялі голас свой і заплакалі. 5 І назвалі імя месцу гэтаму Бахім, і яны там склалі ахвяру ГОСПАДУ. 6 І адпусьціў Егошуа народ, і пайшлі сыны Ізраіля, кожны ў спадчыну сваю, каб узяць на ўласнасьць зямлю. 7 І служылі яны ГОСПАДУ ў-ва ўсе дні Егошуа і старшыняў, якія жылі пасьля Егошуа і бачылі ўсе вялікія дзеяньні ГОСПАДА, якія ўчыніў Ён для Ізраіля. 8 І памёр Егошуа, сын Нуна, слуга ГОСПАДА, маючы сто дзесяць гадоў. 9 І пахавалі яго ў межах спадчыны ягонай у Тымнат-Хэрэсе на гары Эфраіма, на поўнач ад гары Гааш. 10 І калі ўсё тое пакаленьне адыйшло да бацькоў сваіх, паўстала іншае пакаленьне пасьля іх, якое ня ведала ГОСПАДА і таго, што Ён зрабіў для Ізраіля. 11 І чынілі сыны Ізраіля ліхоту ў вачах ГОСПАДА, і служылі Баалам. 12 І пакінулі яны ГОСПАДА, Бога бацькоў сваіх, Які вывеў іх з зямлі Эгіпецкай, і пайшлі за багамі чужымі, за багамі народаў, якія жылі вакол іх, і пакланяліся ім, і гнявілі ГОСПАДА. 13 І яны пакінулі ГОСПАДА, і служылі Баалу і Астарце. 14 І разгневаўся ГОСПАД на Ізраіля, і аддаў іх у рукі рабаўнікоў, якія зрабавалі ахвярнікі іхнія, і аддаў іх у рукі ворагаў, якія жылі вакол, і яны ўжо не маглі супрацівіцца ворагам сваім. 15 І ў-ва ўсім, што яны рабілі, рука ГОСПАДА была ім на зло, як ГОСПАД казаў і як ГОСПАД прысягаў. І былі яны ў вялікім уціску. 16 І паставіў ім ГОСПАД судзьдзяў, каб яны ратавалі іх ад рукі крыўдзіцеляў іхніх. 17 Але яны і судзьдзяў сваіх ня слухалі, і паганіліся з багамі чужымі, і ім пакланяліся. Хутка збочвалі яны з дарогі, якою ішлі бацькі іхнія, якія слухалі прыказаньні ГОСПАДА. А яны рабілі насуперак. 18 Калі ГОСПАД даваў ім судзьдзяў, ГОСПАД быў з судзьдзёю і ратаваў іх ад рук ворагаў іхніх у-ва ўсе дні судзьдзі, бо ГОСПАД літаваўся над імі, калі яны стагналі ад тых, што іх уціскалі і перасьледавалі. 19 Калі ж паміраў судзьдзя, яны адварочваліся і дапускаліся горшых злачынстваў, чым бацькі іхнія, ідучы за багамі чужымі, служачы ім і пакланяючыся ім, не пакідалі яны ўчынкаў сваіх ліхіх і шляху свайго ліхога. 20 І ўзгарэўся гнеў ГОСПАДА на Ізраіля, і Ён сказаў: «За тое, што народ гэты парушыў запавет Мой, які Я заключыў з бацькамі іхнімі, і яны ня слухалі голас Мой, 21 Я ня выганю перад абліччам іхнім народы, якіх пакінуў Егошуа, калі памёр, 22 каб праз іх выспрабаваць Ізраіля, ці будуць яны захоўваць шлях ГОСПАДА і хадзіць па ім, як захоўвалі бацькі іхнія, ці не?» 23 І пакінуў ГОСПАД народы гэтыя, і ня выгнаў іх хутка, і не аддаў іх у рукі Егошуа. |