Biblia Todo Logo
Біблія онлайн
- Аб'явы -

АСІІ 10 - Біблія (пераклад А.Бокуна)


Ос 10

1 Ізраіль [быў] вінаградам буйным, для сябе прыносіў плод. Чым больш было пладоў, тым больш ён памнажаў ахвярнікі, чым лепшай была зямля ягоная, тым прыгажэйшыя ставіў слупы.

2 Падзеленае сэрца іхняе, цяпер яны вінаватыя. Ён пакрышыць ахвярнікі іхнія і зьнішчыць слупы іхнія.

3 Бо цяпер яны скажуць: «Няма ў нас валадара, бо мы не баяліся ГОСПАДА. І валадар што для нас зробіць?»

4 Прамаўляюць словы, прысягаюць хлусьліва, [калі] заключаюць запавет. І квітнее як палын суд іхні на разорах палёў.

5 Жыхары Самарыі непакояцца пра цялятаў Бэт-Авэну, бо плача над ім народ ягоны і паганскія службіты ягоныя галосяць над славай ягонай, бо яна адыходзіць ад яго.

6 Таксама яго завядуць у Асірыю як дар для валадара Ярэву. Эфраім пакрыецца ганьбаю, і Ізраіль будзе асаромлены за рашэньне сваё.

7 Самарыя будзе зьнішчана, валадар ейны будзе як трэска на абліччы водаў.

8 І будуць зьнішчаныя вышыні Авэну, грэх Ізраіля. Церні і асот вырастуць на ахвярніках іхніх, і будуць казаць да гораў: «Накрыйце нас!», і да пагоркаў: «Упадзіце на нас!»

9 Ад дзён Гівы грашыў ты, Ізраілю! Там вы засталіся. Не дасягнула іх у Гіве вайна супраць сыноў беззаконьня.

10 Паводле ўпадабаньня Майго пакараю іх, зьбяруцца народы супраць іх, калі яны будуць зьвязаныя за падвойную нягоднасьць сваю.

11 Эфраім — навучаная ялаўка, якая любіць малаціць, і Я ўскладу ярмо на тлусты карак ягоны. Запрагу Эфраіма, будзе араць Юда, будзе баранаваць для яго Якуб.

12 Сейце для сябе ў праведнасьці, жніце ў міласэрнасьці, заорвайце для сябе дзірван, бо час шукаць ГОСПАДА, аж пакуль Ён прыйдзе і вылье дажджом праведнасьць на вас.

13 Але вы аралі ліхоту, зьбіралі беззаконьне, елі плод хлусьні, бо ты спадзяваўся на шлях свой і на мноства волатаў тваіх.

14 І паўстане гармідар сярод народу твайго, і ўсе замкі твае будуць зруйнаваныя, як Сальман зруйнаваў Бэт-Арбэль у дзень бітвы; маці з сынамі будуць пасечаныя на кавалкі.

15 Гэтак зраблю вам, Бэтэль, з прычыны ліхоты ліхасьці вашай. Раніцаю зьнішчэньнем зьнішчаны будзе валадар Ізраіля.

Сачыце за намі:



Аб'явы