АСІІ 1 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ос 1 1 Слова ГОСПАДА, якое было да Осіі, сына Бээры, у дні Узіі, Ёатама, Ахаза, Эзэкіі, валадароў Юды, і ў дні Ерабаама, сына Ёаша, валадара Ізраіля. 2 Пачатак слова ГОСПАДА праз Осію. І сказаў ГОСПАД да Осіі: «Ідзі, вазьмі сабе жанчыну распусную і дзяцей распусты. Бо распустаю распусьнічае зямля гэтая перад ГОСПАДАМ». 3 І ён пайшоў, і ўзяў [за жонку] Гомэр, дачку Дыблаіма, і яна зачала, і нарадзіла яму сына. 4 І сказаў ГОСПАД да яго: «Назаві імя ягонае Езрээль, бо яшчэ трохі, і Я наведаю за кроў Езрээля дом Егу і спыню валадарства дому Ізраіля. 5 І станецца ў той дзень, што Я зламлю лук Ізраіля ў даліне Езрээль». 6 І зачала яна зноў, і нарадзіла дачку. І сказаў [Госпад] да яго:«Назаві імя ейнае Лё-Рухама, бо ўжо не зьяўлю міласьці над домам Ізраіля, бо, узьнімаючыся, узьнімуся супраць яго. 7 Але дому Юды зьяўлю міласьць і збаўлю іх праз ГОСПАДА, Бога іхняга, але ня збаўлю іх ані лукам, ані мячом, ані вайною, ані канямі, ані вершнікамі». 8 І адлучыла ад грудзей Лё-Рухаму, і зачала, і нарадзіла сына. 9 І сказаў [Госпад]: «Назаві імя ягонае Лё-Аммі, бо вы — не народ Мой, і Я ня буду [Богам] вашым». 10 І будзе лік сыноў Ізраіля як пясок марскі, якога нельга ані памераць, ані палічыць. І станецца, што ў месцы, у якім было сказана ім: «Вы — не народ Мой», будзе сказана ім: «Вы — сыны Бога Жывога». 11 І зьбяруцца сыны Юды і сыны Ізраіля разам, і паставяць сабе адну галаву, і ўздымуцца з зямлі, бо вялікі дзень Езрээля. |