ЁВА 20 - Біблія (пераклад А.Бокуна)Ёў 20 1 І адказаў Цафар з Наамы, і сказаў: 2 «Вось, разважаньні мае прынукаюць адказваць, і неспакой у-ва мне. 3 Упіканьне, якім мяне зьневажаў, я выслухаў, і дух розуму майго паказвае мне. 4 Ці ня ведаеш ты, што ад пачатку, як нарадзіўся чалавек на зямлі, 5 радасьць злачынцаў кароткая, і пацеха бязбожных на момант толькі. 6 Калі пыха ягоная падымецца да неба, і галава ягоная дакранецца хмараў, 7 як гной прападзе ён, і тыя, што бачылі яго, спытаюцца: “Дзе ён?” 8 Як сон прамінае ён, і не знайсьці, пралятае, быццам марыва начное. 9 Вока, якое бачыла яго, ужо ня ўбачыць яго, і месца ягонае ня ўбачыць яго болей. 10 Сыны ягоныя прасіць будуць ласкі ва ўбогіх, і рукі ягоныя аддадуць маёмасьць сваю. 11 Косткі ягоныя, поўныя сілы маладосьці, разам з ім будуць спаць у парахне. 12 Калі салодкае ў вуснах ягоных зло, схаванае пад языком ягоным, 13 і будзе ён шкадаваць яго, і ня кіне яго, але будзе трымаць у вуснах сваіх, 14 тады хлеб у жываце ягоным пераменіцца ў жоўць зьмяіную. 15 Багацьці, якія ён праглынуў, вырыгае, выцягне іх Бог з жывата ягонага. 16 Праглыне ён атруту зьмяіную, і заб’е яго язык гадзюкі. 17 Ня ўбачыць ён ручаёў алею, рэк, якія мёдам і малаком ацякаюць. 18 І верне ён здабытак з чужой працы, і не праглыне яго, і ня будзе цешыцца з багацьцяў набытых. 19 Бо ён крыўдзіў і не зважаў на ўбогіх, рабаваў дамы, якія не будаваў. 20 Ніколі не наядаўся жывот ягоны, і ніколі ня мог ён дагадзіць прагавітасьці сваёй. 21 Нічога не заставалася з-за абжорства ягонага, і таму не застанецца нічога з маёмасьці ягонай. 22 Калі наесца, цесна яму будзе, і ўсякая бяда будзе нападаць на яго. 23 Калі будзе напаўняць жывот свой, Бог спашле на яго ярасьць гневу Свайго, і вылье на яго кару Сваю. 24 Будзе ён уцякаць ад зброі жалезнай, і патрапіць пад лук мядзяны. 25 Страла паб’е цела ягонае і пячонку ягоную, і нахлынуць на яго рэчы страшныя. 26 Цемра захаваная для яго, і будзе паліць яго агонь, які ніхто не разьдзьмухвае, і тое, што засталося ў намёце ягоным, будзе зьнішчана. 27 Нябёсы аб’явяць бязбожнасьць ягоную, і зямля паўстане супраць яго. 28 Будзе зьнішчаны ўраджай дому ягонага, і разальецца ў дзень гневу Божага. 29 Такая доля перад Богам чалавека бязбожнага і спадчына, прызначаная для яго Богам». |